Пошук

23.05.2017 10:06  

Недалёка ад плошчы Канстытуцыі з’явілася першая ў сталіцы Польшчы каталіцкая кавярня. На другім паверсе, акурат над ёй, працуе публічны дом. «Выпадак? На нашу думку, няма ніякіх выпадкаў. Мы маліліся аб добрым месцы і, відавочна, дзеля нечага мы тут апынуліся», — адзначаюць працаўнікі кавярні.

Шыльда апавядае няшмат — Docelowo («Мэтава»), а невялікі крыжык у літары «о» нагадвае мішэнь. І ўсё ж такі, гэта крыж.

Працаўнікі кавярні адзначаюць, што кожны дзень моляцца за сваіх кліентаў. А наведваць гэтае месца можа кожны, незалежна ад веравызнання.

«90 працэнтаў палякаў называюць сябе веруючымі. Але пытанне: у што яны вераць? Аднак мы адкрытыя на кожнага чалавека, — падкрэслівае афіцыянтка і ўказвае на другі паверх, дзе міргае надпіс Open 24h. — Нашая прысутнасць тут, несумненна, мае нейкі сэнс».

Інтэр’ер кавярні нягоршы за модныя варшаўскія пабы. Скандынаўскі стыль, свежыя кветкі, на паліцах кнігі (св. Ян Павел ІІ і «Думкі» Паскаля), на сценах плакаты з надпісамі, накшталт, «Бог ёсць паўсюль. Не бачыш?». Над барам вісіць крыж. У кошыку печыва з вытрымкамі са Святога Пісання.

Піва тут не пап’еш, бо «існуюць свае правілы».

Ідэя адкрыць каталіцкую кавярню належыць католіку Мацею Падулку, які заснаваў гэтае месца разам са сваімі сябрамі з пілігрымак, хрысціянскіх супольнасцяў і парафій.

У кавярні таксама праходзяць дыскусіі, сустрэчы веруючых, канцэрты. «Мы нікога не стараемся евангелізаваць праз сілу, мы толькі навязваем дыялог, — кажа Міхал Гузэк, менеджэр кавярні. — Яднаем, а не падзяляем. Не ўлазім у палітыку, хочам дапамагаць чалавеку ў духоўным развіцці».

Паводле warszawa.wyborcza.pl
(VGr)

Абноўлена 18.08.2017 12:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.