Сотні забітых, цэлыя натоўпы людзей у пошуках прытулку ў касцёлах і на місіях. Насілле з новай моцай уварвалася ў штодзённасць Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі.
Ужо здавалася, што краіна паволі пачынае адбудоўваць мір і паяднанне, якія нішчыліся на працягу некалькіх гадоў у выніку крывавай грамадзянскай вайны. Аднак ужо некалькі тыдняў здараюцца новыя сутыкненні паміж паўстанцамі.
У Аліндао, што на ўсходзе краіны, паўстанцы забілі каля 130 жыхароў. Не лепшая сітуацыя і на захадзе ЦАР. Як паведаміў Ватыканскаму Радыё кс. Міраслаў Гуцва, польскі місіянер, пасля пілігрымкі папы Францішка ў гэтую афрыканскую краіну прайшлі прэзідэнцкія выбары і былі ўмацаваны міжнародныя войскі, што палепшыла сітуацыю, але стабільнай яна застаецца толькі ў сталіцы краіны. «На іншых тэрыторыях па-ранейшаму небяспечна. У правінцыі ўвесь час прабываюць узброеныя групоўкі, якія нястомна змагаюцца, а з-за гэтага гінуць нявінныя людзі», — дадаў польскі місіянер.
У гэтыя дні на ўсходзе краіны з пастырскім візітам прабывае кардынал Дзьёданэ Нзапалаінга. Іерарх заклікае неадкладна спыніць крывавыя бойкі, скласці зброю і вярнуцца да мірных перамоваў.
Паводле KAI (VGr)