Дыяцэзія Аўгсбурга стала першай у Германіі, якая распрацавала для супрацоўнікаў дыяцэзіі кодэкс працы ў сацыяльных сетках Фэйсбук, Твітар, Інстаграм і Гугл+. Дакумент быў апублікаваны ў красавіку ў дыяцэзіяльнай газеце.
Кодэкс датычыць амаль 14 тысяч (!) чалавек — ад сакратароў парафій да арганістаў і святароў.
Католікі, якія ўладкуюцца на працу ў гэту дыяцэзію, не павінны карыстацца ананімнымі акаўнтамі, а ў выпадку прыватных акаўнтаў павінны ўводзіць свае сапраўдныя асабістыя даныя, запампоўваць сапраўдны здымак і пазначаць, што яны працуюць на Касцёл.
Правілы дзейнічаюць для кожнага акаўнта, які выкарыстоўваецца ў працоўным кантэксце. Кодэкс падкрэслівае, што ў служэнні супольнасці вернікаў не павінна быць ананімнасці і двайных стандартаў — службовага і прыватнага.
У дакуменце ідзе гаворка пра тое, што сацыяльныя сеткі даюць вялікі шанец для пашырэння Евангелля, хоць у некаторых момантых яны звязаны з пэўнай рызыкай, а таму напісанае ў сацсетках павінна адпавядаць афіцыйнаму вучэнню Касцёла.
Падобны кодэкс у 2012 годзе ўжо быў прыняты Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Германіі. Аднак тады гэта былі толькі парады. Кодэкс дыяцэзіі Аўгсбурга адкрывае новы этап у дэбатах пра этыку ў СМІ.