Пошук


Адміністрацыя прэзідэнта Дональда Трампа адмовіла ў фінансаванні фонда ААН па насельніцтву (UNFPA), таму што ён удзельнічае ў прымусовых абортах, якія практыкуюцца ўладамі камуністычнага Кітая.

«Гэтае рашэнне было зроблена ў сувязі з тым фактам, што палітыка Кітая ў сферы планавання сям’і дагэтуль уключае выкарыстанне прымусовых абортаў і прымусовай стэрылізацыі, а UNFPA з’яўляецца партнёрам дзяржаўных органаў Кітая, якія праводзяць гэтыя прымусовыя дзеянні», — гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамента.

У Кітаі дзесяцігоддзямі працавала «палітыка аднаго дзіця», калі жанчынам забаранялася мець больш за адно дзіця. Пры другой цяжарнасці дзіця маглі прымусова забіць праз аборт. Таксама праводзіліся прымусовыя стэрылізацыі.

«Што тады казаў UNFPA? Па-мойму, маўчанне перад абліччам такіх зверстваў — гэта саўдзел у злачынстве», — адзначыла Рэджы Літлджон, прэзідэнт арганізацыі Women’s Rights Without Frontiers («Правы жанчын без межаў»).

«Фонд ААН па насельніцтву не заслугоўвае нават аднаго цэнта амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў», — сказаў кіраўнік Population Research Institute (Навукова-даследчы інстытут народанасельніцтва) Стыў Мошэр. UNFPA, як адзначыў, падтрымлівае аналагічныя дзеянні камуністычнай КНДР і камуністычнага В’етнама.

«У Паўночнай Карэі Фонд ААН па насельніцтву мае прадстаўніцтвы і дапамагае гэтым жорсткім дыктатарскім рэжымам стрымліваць рост насельніцтва праз прымусовыя аборты і прымусовую стэрылізацыю», — дадаў Стыў Мошэр.

У часы кіравання прэзідэнта Джорджа Буша ЗША адмовіліся ад фінансавання UNFPA, аднак Барак Абама аднавіў гэтую практыку. У год Фонд ААН па насельніцтву атрымліваў ад ЗША $32,5 мільёны.

Фонд адмаўляе свой саўдзел у правядзенні прымусовых абортаў і стэрылізацый, аднак прызнае, што ў мінулым годзе «папярэдзіў з’яўленне 947.000 непажаданых цяжарнасцяў».

Аляксандр Гелагаеў паводле lifesitenews.com і bbc.com

Абноўлена 03.03.2018 16:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа