Пошук

04.04.2017 16:04  

«Калі табе падалося, што “Пакуты Хрыстовы” — гэта моцны фільм, то пабачыш, што мы зробім зараз. Гэта будзе найбольшы фільм у гісторыі кінематографа», — сказаў акцёр.

Джэймс Кэвізел у размове з польскім выданнем «Добрыя навіны» распавёў, што другая частка вядомага фільма распавядае пра ўваскрасенне Хрыста.

«Гэта будзе штосьці новае»

Згадваючы пра «Пакуты Хрыстовы», выканаўца галоўнай ролі адзначыў, што гэты фільм выратаваў мільёны душ. «Другі фільм вылечыць мільярды, — дадаў ён. — Гэта будзе найбольшы фільм у гісторыі кінематографу».

Кэвізел заўважыў, што сцэна ўваскрасення будзе вельмі моцнай. «Калі Езус выйдзе з грабніцы, то там не будзе куранятаў і велікодных воклічаў. У нашай краіне часам кажуць пра “радаснага Езуса”, пра “Касцёл Езуса з фітнес-клуба”. Гэта будзе штосьці зусім іншае», — перадае словы партала Deon.pl сайт catholicnews.org.ua.



Джэймс Кэвізел наведаў Польшчу па запрашэнні «Рыцараў Калумба», прадзюсараў фільма «Вызваленне кантынента: Ян Павел ІІ і падзенне камунізму», прэм’ера якога адбылася 2 красавіка на тэлеканале TVP1. У гэтым дакументальным фільме акцёр з’яўляецца расказчыкам. Фільм атрымаў дзве ўзнагароды «Emmy».

«Дзеля здымак у першай частцы мне давялося вывучыць арамейскую мову»

У 2004 годзе перад прэм'ерай першай часткі фільма «Пакуты Хрыстовы» ў адным з інтэрв'ю акцёр прызнаўся, што дзеля ролі адмыслова вучыў арамейскую і шмат маліўся.

«Калі мне выслалі тэкст, каб пачытаць сюжэт фільма, то прапанавалі сыграць галоўную ролю. Спачатку сюжэт не задавальняў мяне — я чытаў сцэнарый і хацеў, каб ўсё супадала з Бібліяй.

Пасля да мяне прыйшло сумненне. Ці магу я здымацца ў гэтым фільме? Што скажуць пра гэта іншыя людзі? Але пасля я падумаў: Бог даў мне талент акцёра, мне 33 гады і мае ініцыялы JC... Я захацеў, каб людзі ўбачылі Хрыста. Я рашыў, што калі буду здымацца ў фільме, то перадам дух карціны, рэальны вобраз Хрыста.

Мне трэба было вывучыць арамейскую мову, навучыцца працаваць у цяжкіх кліматычных умовах... На працягу здымак амаль кожны кадр нараджаўся з болю... Мяне рэальна білі па твары.

У сцэне збіцця плёткай адбылася сітуацыя, якую мы не планавалі: акцёр, які іграў салдата, трапіў па маёй спіне. Калі я нёс крыж, мяне выпадкова моцна ўдарылі, і маё плячо вывіхнулася. На крыжы мне вывіхнулі руку. Я вешу 95 кг, і вісець на крыжы было балюча... У апошні дзень здымак у мяне ўдарыла маланка.

Падчас здымак я заўсёды разважаў над Божым словам, маліўся... Я хацеў ўсё перажыць, і Пан Бог даў мне гэту магчымасць...»

Джэймс Кэвізел нарадзіўся ў 1968 годзе ў ЗША. У сваіх інтэрв’ю ён распавядае пра веру, сваё навяртанне і пра тое, што азначае быць хрысціянінам у цяперашні час. Разам з жонкай Джэймс усынавіў дваіх дзяцей з ракам мозгу.

Паводле catholicnews.org.ua (IL)

Абноўлена 06.03.2018 13:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця