4 красавіка Андрэю Таркоўскаму споўнілася б 85 гадоў. Сын славутага расійскага кінарэжысёра Андрэй Таркоўскі-малодшы ў інтэрв’ю РИА Новости распавёў, як пад уплывам творчасці яго бацькі людзі змянялі сваё жыццё і абіралі шлях святарства.
Таркоўскі-малодшы сцвярджае, што асабіста ведае некалькі каталіцкіх святароў, для якіх апошнім штуршком у выбары паклікання стаў прагляд фільмаў яго бацькі, перш за ўсё «Андрэя Рублёва» і «Сталкера». «Гэта той самы выпадак, калі мастацтва здольнае змяніць жыццё чалавека», — адзначае малодшы сын рэжысёра, які ўжо амаль 20 гадоў узначальвае Міжнародны інстытут імя Андрэя Таркоўскага.
Падчас здымкаў фільма «Сталкер» (1979 г.)
«У Расіі мне даводзілася размаўляць з многімі праваслаўнымі святарамі, якія расказвалі мне пра той уплыў, які аказалі на іх фарміраванне фільмы бацькі, пасля прагляду якіх штосьці важнае адбылося з імі. Падобнае мне казалі і католікі. Калі, напрыклад, я сустракаўся з папам Янам Паўлам ІІ, ён вельмі высока выказваўся пра Таркоўскага. А цяперашні старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі ўвогуле з’яўляецца вялікім “фанам” Таркоўскага», — сказаў сын класіка сусветнага кіно.
Кадр з фільма «Сталкер» (1979 г.)
Па словах Таркоўскага-малодшага, калі бацька застаўся працаваць за мяжой, то яшчэ больш заглыбіўся ў рэлігійную тэму, — яму ўжо не трэба было хавацца за навукова-фантастычныя сюжэты, каб гаварыць пра тое, што ён хацеў сказаць, называючы рэчы сваімі імёнамі.
«Ён не быў дагматычным рэлігійным чалавекам. Яго духоўныя пошукі выходзілі за межы хрысціянства... Ён шукаў адказ на простае, па сутнасці, пытанне: “Дзеля чаго мы тут?” Так, уся яго творчасць пра гэта! І спосабам пошуку адказу на гэтае пытанне для яго было мастацтва. Гэта была яго магчымасць пазнання», — адзначыў сын рэжысёра.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Таркоўскі «быў хрысціянінам, уся праблематыка яго мастацтва і пошукаў была хрысціянскай».
Паводле ria.ru
(VGr)