Рэстаўрацыя капліцы, так званай Кувукліі, над месцам пахавання Хрыста ў святыні Гробу Пана ў Іерусаліме завершана. Пра гэта 21 сакавіка паведаміла брытанская газета The Catholic Herald.
Адкрыццё капліцы адбудзецца 22 сакавіка ў прысутнасці Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея І і прадстаўніка папы Францішка.
Рэстаўрацыйныя працы ў святыні Гробу Пана праводзіліся пад кіраўніцтвам прафесара Афінскага нацыянальнага палітэхнічнага ўніверсітэта Антоніі Марапулу з вясны 2016 года. Праект, на які спатрэбілася $4 млн, рэалізоўваўся на ахвяраванні.
Падчас прац быў дэмантаваны металічны каркас, які атачаў Кувуклію з 1947 года, а мураваны фасад святыні ачышчаны ад сажы. Акрамя гэтага рэстаўратары прарубілі акно, праз якое наведвальнікі святыні ўпершыню змогуць убачыць гроб Збаўцы.
Гроб Пана — адна з галоўных святыняў хрысціянскага свету. Лічыцца, што яна стаіць на тым самым месцы, дзе, паводле Святога Пісання, быў пахаваны (г.зн. пасля зняцця Езуса з крыжа сюды было пакладзена Яго цела), а затым уваскрос Езус Хрыстус. Гэтае месца было знойдзена праз тры стагоддзі пасля ўкрыжавання Хрыста.
Над месцам пахавання Езуса ў 1810 годзе, пасля разбуральнага пажару, была пабудавана Кувуклія, якая з тых часоў ніколі не рэстаўравалася.
Паводле sib-catholic.ru
(VGr)