Пошук

06.03.2017 17:16  

Арцыбіскуп Варшаўскі кардынал Казімеж Ныч выступіў з заклікам да польскай грамадскасці прыняць некалькі соцень сірыйскіх бежанцаў, якім патрэбна тэрміновая медыцынская дапамога.

У пастырскім пасланні на пачатак Вялікага посту кардынал падкрэслівае, як важна для хрысціяніна прымаць бежанцаў. «Ад гэтага залежыць імідж Польшчы і Касцёла ў Польшчы», — канстатуе іерарх, заклікаючы ўлады краіны да большай адкрытасці.

На сёння ў Польшчы ідуць гарачыя дэбаты паміж тымі, хто лічыць, што дапамогу варта накіроўваць выключна ў Сірыю, і тымі, хто выступае за прыняцце бежанцаў у Польшчы.

У першым кірунку ўжо дзейнічае мясцовае аддзяленне дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» праз акцыю «Ад сям’і да сям’і». Яна распачалася яшчэ ў кастрычніку мінулага года і заключаецца ў тым, што сем’і, парафіі, супольнасці, біскупы і прадпрыемствы бяруць на сябе поўнае забеспячэнне адной сірыйскай сям’і на працягу паўгода. У дабрачыннай акцыі ўжо бяруць удзел многія біскупы, 400 парафій, каля 40 манаскіх супольнасцяў, звыш 450 святароў і больш за пяць тысяч польскіх сем’яў. На сёння больш за 1700 сірыйскіх сем’яў, у першую чаргу з Алепа і ў лагерах бежанцаў у Ліване, атрымліваюць фінансавую дапамогу ў межах акцыі «Ад сям’і да сям’і».

Кардынал Ныч, як паведамляе Руская рэдакцыя Ватыканскае радыё, выказаў надзею, што акрамя акцыі «Карытас» будуць адчынены таксама дабрачынныя калідоры для прыняцця соцень бежанцаў з Сірыі, якія патрабуюць тэрміновай медыцынскай дапамогі. Кардынал звяртаецца таксама да дзяржаўных установаў.

Міністр сям’і і працы Альжбета Рафальска ў адказ на заклік іерарха заявіла, што з боку ўраду прыём бежанцаў магчымы, «але калі казаць пра канкрэтныя крокі, то трэба ведаць, на каго яны накіраваны і які аб’ём неабходнай дапамогі».

(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа