Пошук

13.02.2017 10:13   Ілья Лапато / Catholic.by

Сапраўдны фурор зрабіў на ўкраінскім вакальным шоў «Голос країни» святар Аляксандр Кліменка з песняй «Материнська любов». Падчас сляпога праслухоўвання ён развярнуў да сябе крэслы ўсіх чатырох настаўнікаў — суддзі пляскалі яму стоячы.


Джамала, Ціна Караль, Сяргей Бабкін і Патап  не маглі стрымаць эмоцый пасля таго, як пабачылі, хто спявае перад імі.

«У мяне проста шок. І, мабыць, упершыню ў гэтым шоў у мяне былі мурашкі па скуры. Я мусульманка і калі спяваю на сцэне, заўжды звяртаюся да Бога», — адзначыла пераможца «Еўрабачання-2016» спявачка Джамала.

Яна пацікавілася, як Царква глядзіць на тое, што святар прымае ўдзел у забаўляльным шоў.

«Забавы — у людской уладзе, але сапраўдная радасць — ва ўладзе Божай. Я пастараюся браць удзел у тым, што прыносіць сапраўдную радасць. А калі проста вобраз святара на сцэне натхніць кагосьці да малітвы — гэта цудоўна», — прызнаўся а. Аляксандр.


«Тэхніка тэхнікай — можна вучыцца, можна мець і пяць актаў. Але нічога няма без чыстага сэрца», — сказала Ціна Караль, пахваліўшы выступленне.

«Галоўнае, што вы ведаеце, для каго вы спяваеце і навошта вы гэта робіце», — дадаў Сяргей Бабкін.

«Мне важна, каб музыка дапамагала людзям змяняцца»

Айцец Аляксандр Кліменка працуе настаяцелям храма ў сяле Беразані пад Кіевам. У яго трое дзяцей і вось ужо 10 гадоў ён з’яўляецца турэмным капеланам.

«Я хачу быць пэўным напамінам пра тое, што ёсць і іншы свет — свет душы, свет духоўных праблем, свет духоўных перажыванняў і радасцяў. Для многіх дастаткова пабачыць святара — і штосьці зварухнецца ў іх душы і іх сэрцы. Мне здаецца, што патрэбна пра гэта нагадваць», — сказаў святар у інтэрв’ю пасля выступлення.

Айцец Кліменка адзначыў, што на конкурс прыйшоў вучыцца і пры выбары аднаго з чатырох настаўнікаў яму было няпроста.

«Я баяўся таго, што павернуцца нават двое. Хацелася, каб павярнуўся хтосьці адзін — і для маёй пыхі было б трошкі лягчэй. Я не хацеў ставіць у нязручнае становішча Джамалу. Яна вызнае іншую рэлігію і ёй было б цяжка. Таму, выбіраючы, я абраў тую, якая магчыма дапаможа мне ў вакале.

Вакал патрэбны мне ў маім служэнні — мне важна, каб музыка дазваляла людзям змяняцца і каб словы, якія будуць гучаць з маіх вуснаў, не давалі б людзям выйсці з залы такімі, якія яны былі да гэтага. Спеў можа быць міні-пропаведдзю».

Аляксандр Кліменка не першая духоўная асоба на падобных праектах. Першай на шоў «Голас» у сваёй краіне прыйшла італьянская манахіня Крысціна Скучыя, якой удалося перамагчы ў праекце. Пазней яе поспех паўтарыў і іераманах Фоцій з Расіі.

Ілья Лапато

Чытайце таксама:

Абноўлена 05.06.2017 13:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця