Пошук

17.01.2017 09:15  

Сусветны апостальскі кангрэс Божай Міласэрнасці распачаўся ў сталіцы Філіпін — Маніле. Форум праходзіць з 16 па 20 студзеня пад кіраўніцтвам спецыяльнага пасланніка папы Францішка — арцыбіскупа Ліёна кардынала Філіпа Барбарэна.

У лісце да французскага пурпурата Святы Айцец адзначыў яго асаблівы клопат пра бедных і патрабуючых. Папа выказаў пажаданне, каб удзельнікі кангрэса спаўнялі запаведзь любові да бліжняга, аднаўлялі духоўнае жыццё ў сем’ях, парафіях і манаскіх супольнасцях, а таксама садзейнічалі пашырэнню знаёмства з Божай міласэрнасцю.

Напярэдадні форума кардынал Барбарэн заўважыў, што дзякуючы Юбілейнаму Году Міласэрнасці, які нядаўна прайшоў у Касцёле, слова «міласэрнасць» стала часцей гучаць з вуснаў хрысціян.

Вернікі зразумелі, што яно займае цэнтральнае месца ў Бібліі, пачынаючы ад кнігі Зыходу, дзе Бог пачуў вокліч свайго народа ў егіпецкай няволі і сышоў, каб яго збавіць, аж да прыпавесці пра Добрага Самараніна, якая абагульняе ўсю місію Езуса, а для нас, Ягоных вучняў, з’яўляецца прыкладам, за якім трэба ісці.

Арцыбіскуп Ліёна заўважыў, што ў Евангеллях прысутнічае каля 40 прыпавесцяў, але самымі любімымі ў людзей з’яўляюцца дзве: пра Добрага Самараніна і блуднага сына — дзве вялікія прыпавесці аб міласэрнасці.

Ідэя кангрэсаў Божай міласэрнасці нарадзілася пасля смерці св. Яна Паўла ІІ сярод яго паплечнікаў-кардыналаў: польскага — Станіслава Дзівіша, літоўскага — Аўдрыса Бачкіса, філіпінскага — Луіса Антоніа Тагле і французскага — Жана-Луі Таран.

Сусветны апостальскі кангрэс у Маніле стане чацвёртым па ліку. Першы быў праведзены ў 2008 г. у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране, другі — у Кракаве ў 2011 г, трэцці — у Багаце ў 2014 г. Акрамя таго форумы праводзяцца на кантынентальным і нацыянальным узроўнях.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Абноўлена 05.06.2017 13:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.