Пошук

10.01.2017 10:53  

У Вігілію Божага Нараджэння, якое Армянская Апостальская Царква адзначала 6 студзеня, армянскі Кілікійскі Каталікос Арам І прыбыў у Сірыю, дзе ў Алепа іерарха сустракалі кіраўнікі Армянскай Каталіцкай і Армянскай Евангельскай Цэркваў, а таксама кіраўнік Берыйскай епархіі Армянскай Апостальскай Царквы.

Пра гэта паведамляе Дэпартамент інфармацыі і камунікацыі Вялікага Дома Кілікійскага.

У Алепа Арам І наведаў усе армянскія абшчыны, у тым ліку разбураныя армянскія святыні, армянскую семінарыю, руіны ўзарванага да фундамента кафедральнага сабора Берыйскай епархіі ў гонар 40 пакутнікаў, пабудаванага ў XV стагоддзі, а таксама школы і гарадскія раёны, дзе пражывалі або ўсё яшчэ жывуць армяне. Былі ўзнесены малітвы за мір ў Сірыі.

Каталікоса суправаджалі ваенныя сірыйскай арміі, мэр горада Алепа, а таксама хрысціянскія і ісламскія лідары Сірыі. Разам з імамамі Арам І наведаў Вялікую мячэць Амейядаў.

«Разбурэнні ў Алепа жахлівыя. Немагчыма словамі пераказаць убачанае. Гэта падобна да сцэны разбуранага падчас Другой сусветнай вайны Берліна», — сказаў Арам І.

Апошнім пунктам быў раён Нор Гехі (з армянскага — новае сяло), які патрулюецца армянскімі апалчэнцамі. «Ваша місія сапраўды абараніла армянаў Алепа», — сказаў байцам Арам І.

Арам І памаліўся за загінулых апалчэнцаў. Ён выказаў захапленне гераізмам сірыйцаў, якія змаглі стаць на абарону краіны, а таксама падкрэсліў, што Армянская Царква працягне аказваць дапамогу Сірыі.

Да вайны ў Сірыі пражывала каля 190 тысяч армян (у асноўным — нашчадкі армян з шасці правінцый Заходняй Арменіі, дэпартаваных младатуркамі ў гады генацыду ў сірыйскую пустыню Дэйр-эз-Зор). За гады ўзброенага канфлікту большасць армян эмігравала з краіны. Па неўдакладненых даных у краіне засталося жыць не больш за 20-25 тысяч армян.

Большасць сірыйскіх армян эмігравалі ў суседні Ліван, дзе яны атрымліваюць усю неабходную дапамогу ад Кілікійскага Каталікоса, у Арменію, дзе ўрад арганізоўвае не толькі дапамогу ў самой краіне, але і дапамагае з пераездам з Сірыі. У Арменіі сірыйскія бежанцы атрымоўваюць дапамогу як ад ураду, так і ад Першапрастольнага Эчміадзіна. Значныя сродкі Армянскай Царквы для сірыйцаў прадстаўляюць армяне дыяспары. Сірыйскім бежанцам у Арменіі дапамагае і каталіцкая дабрачынная арганізацыя «Caritas».

Армянская Апостальская Царква ў Сірыі мае дзве епархіі — Берыйскую з рэзідэнцыяй у царкве 40 пакутнікаў у Алепа, разбуранай баевікамі Ісламскай дзяржавы, і Дамаскую з рэзідэнцыяй епіскапа, якога прызначае Эчміадзін, у царкве святога Саркіса ў сірыйскай сталіцы. Таксама дзейнічаюць каталіцкая і евангельская армянскія абшчыны.

Паводле sib-catholic.ru
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа