Пошук

29.10.2018 11:16   Vatican News / Фота: Гжэгаж Галонзка / Catholic.by

Позна ўвечары 27 кастрычніка Айцы Сіноду завяршылі галасаванне над Выніковым дакументам XV звычайнага Сіноду Біскупаў, прысвечанага моладзі, веры і распазнанню паклікання.

Дакумент, у якім 60 старонак, складаецца з трох частак і 167 параграфаў. У ім гучыць заклік «слухаць, прымаць і суправаджаць» моладзь з пакорай, цярплівасцю і адкрытасцю. Такое стаўленне дапамагае ў дыялогу з маладымі людзьмі, пазбягаючы «падрыхтаваных загадзя адказаў і гатовых рэцэптаў». Моладзь, як адзначаецца, прагне быць выслуханай, каб яе голас успрымаўся як цікавы і карысны для грамадскай і касцёльнай сферы.

Сінод прызнае, што такое стаўленне з боку Касцёла існуе не заўсёды: часта святары і біскупы, заклапочаныя вялікай колькасцю абавязкаў, маюць цяжкасці з тым, каб знаходзіць час на слуханне моладзі. Акрамя таго, неабходна добрая падрыхтоўка свецкіх вернікаў, якія будуць здольнымі суправаджаць новыя пакаленні.

У дакуменце адзначаецца, што перад абліччам такіх феноменаў, як глабалізацыя і секулярызацыя, моладзь рухаецца ў напрамку адкрыцця для сябе Бога і духоўнасці, а гэта павінна быць стымулам для Касцёла. Неабходна ствараць для моладзі магчымасці для сталення ў веры і распазнання паклікання, каб яна магла працяглы час знаходзіцца ў аддаленні ад прывычных асяродкаў і адносін, атрымліваючы досвед братэрскага, сціплага, малітоўнага і сакрамэнтальнага жыцця.

«Мы павінны быць святымі, каб здолець запрашаць моладзь станавіцца такімі. Моладзь гучным голасам просіць аб сапраўдным, светлым, транспарэнтным і радасным Касцёле. Толькі Касцёл святых можа быць на вышыні гэтых просьбаў. Многія з іх пакінулі Касцёл, бо знайшлі ў ім не святасць, а павярхоўнасць, высакамер’е, падзелы і карупцыю»,

– заўважылі Айцы Сіноду.

Іншым адказам Касцёла на пытанні моладзі павінна стаць, як адзначаецца, адукацыйная дзейнасць. Школы, універсітэты, каледжы, араторыі павінны забяспечваць цэласнае развіццё маладых людзей, адначасова даючы евангельскае сведчанне.

Таксама звяртаецца ўвага на ролю парафій, якія павінны пераасэнсаваць сваё місійнае пакліканне, бо часта яно аказваецца не вельмі істотным і дынамічным, асабліва ў катэхетычнай сферы.

У дакуменце гаворыцца пра важнасць душпастырства мігрантаў, барацьбы са злоўжываннямі ў касцёльных структурах, ролю сям’і як «хатняга Касцёла», у якім моладзь павінна атрымліваць рэлігійнае выхаванне. Заўважаецца аслабленне бацькоўскай прысутнасці ў сямейнай сферы і інфантыльны лад жыцця многіх дарослых.

Сінод Біскупаў заклікае да салідарнасці перад абліччам «культуры адчужэння», у выніку якой вялікая колькасць моладзі апынаецца на ўзбочыне грамадства. Моладзь павінна мець магчымасць рэалізаваць сябе ў працы, валантарыяце, палітычнай і грамадскай дзейнасці, спорце і музыцы.

Звяртаецца ўвага на важнасць «літургічнага абнаўлення», бо моладзь мае жаданне «жывой літургіі», сапраўднай і радаснай, якая з’яўляецца момантам сустрэчы Бога з Яго супольнасцю. Моладзь цэніць цэлебрацыі, у якіх прыгажосць знакаў, добра падрыхтаваныя гаміліі і ўключэнне супольнасці па-сапраўднаму кажуць пра Бога. Неабходна дапамагчы моладзі адкрыць каштоўнасць эўхарыстычнай адарацыі, а таксама ўсвядоміць, што «літургія не з’яўляецца формай простага самавыражэння, але дзейнасцю Хрыста і Касцёла».

Падкрэсліваецца, што моладзь прагне быць актыўнай часткай касцёльнага жыцця, ставіць яму на службу свае таленты, браць на сябе адказнасць. Трэба пазбягаць «аўтарытарызму» і «патэрналізму» ў адносінах да моладзі, дазваляць ёй быць актыўнай у евангелізацыі. У Выніковым дакуменце гаворыцца, што Бог прамаўляе да Касцёла і свету праз моладзь. Дзякуючы ёй Касцёл можа абнавіцца.

Звяртаецца ўвага, што неабходна ўказваць моладзі шлях да сапраўднага шчасця і свабоды, якім з’яўляецца дар сябе, рэалізацыя сябе ў пакліканне да святасці, якое магчыма споўніць у розных сферах: прафесійнай, сямейнай, у манаскім ці святарскім жыцці, сталым дыяканаце, патэнцыял якога яшчэ неабходна раскрыць ва ўсёй паўнаце.

Сінод Біскупаў кажа пра заданне Касцёла суправаджаць моладзь. Адрасатамі такога суправаджэння павінны быць усе маладыя людзі, у тым ліку семінарысты, маладыя святары і законнікі, заручаныя і маладажоны. Выніковы дакумент звяртае ўвагу на важнасць сакрамэнту пакаяння для жыцця верай і сацыяльнага вучэння Касцёла для прафесійнай і грамадска-палітычнай дзейнасці.

Адзначаецца, што ў Касцёле неабходна ацаніць харызмы, якія дорыць Святы Дух, а таксама пазбягаць клерыкалізму, які выключае вялікую колькасць людзей з вызначальных працэсаў, і клерыкалізацыі свецкіх вернікаў, якая аслабляе місійны запал. Улада павінна разумецца як служэнне.

Выніковы дакумент заклікае да місіянерства ў лічбавай сферы, якая стала неад’емнай часткай штодзённасці моладзі. Выказваецца ідэя аб стварэнні адпаведных структур на мясцовым узроўні, якія будуць садзейнічаць пашырэнню «лічбавай культуры і евангелізацыі», а таксама прапанова «сертыфікацыі каталіцкіх сайтаў, каб супрацьстаяць распаўсюджванню фэйкавых навін пра Касцёл».

Сінод заклікае да большага прызнання ролі жанчын у жыцці Касцёла і грамадстве; дапамогі ў адкрыцці прыгажосці хрысціянскага погляду на сексуальнасць і чыстасць; душпастырства людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі без змены навучання Касцёла; інвеставання часу і рэсурсаў у працу з моладдзю; раскрыцця патэнцыялу Сусветных дзён моладзі як «досведу веры і адзінства».

У канцы дакумента нагадваецца аб паўсюдным пакліканні да святасці. Імкненне да святасці, як сцвярджаецца, павінна даць Касцёлу новы імпульс аднавіць свой духоўны энтузіязм і апостальскі дынамізм, каб застацца верным Евангеллю.

Сінод афіцыйна завяршыўся нядзельнай Імшой у базыліцы св. Пятра, якую ўзначаліў папа Францішак. У гаміліі Святы Айцец, зыходзячы з гісторыі аздараўлення сляпога Бартымея, нагадаў пра тры шляхі веры: слуханне, блізкасць і сведчанне.

Пантыфік падкрэсліў, што найперш неабходна слухаць чалавека, у дадзеным выпадку моладзь, як Езус выслухаў, чаго ў Яго просіць сляпы Бартымей. Далей ідзе другі крок – суправаджаць на шляху веры. Езус, як адзначыў Папа, не паслаў Бартымея да кагосьці, але сам сустрэўся з ім і аздаравіў яго.

Затым ідзе асабістае сведчанне. Святы Айцец звярнуў увагу, што апосталы пайшлі да Бартымея не са сваімі парадамі, а са словам Езуса. Гэтак жа, дадаў ён, і мы ў сучасным свеце, які заблукаў, павінны несці іншым слова праўды Евангелля. Вера, якая аздаравіла Бартымея, засноўвалася не на яго поглядзе на Бога, але на пошуку Яго і імкненні спаткаць Яго, сказаў Папа.

Так завяршыўся Сінод Біскупаў, які працягваўся з 3 кастрычніка. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прымаў у ім удзел, адзначыў у сувязі з гэтым:

«Муры падзелаў паміж біскупамі і моладдзю былі зламаны, як да гэтага заклікаў Папа падчас Імшы на адкрыццё Сіноду. Адны пачалі лепей разумець іншых і адчуваць узаемную патрэбу.

Сінод стаў яшчэ адным крокам на шляху развіцця сінадальнасці Касцёла і ўмацаваў надзею, што човен Пятра не загіне ў бурлівых хвалях акіяну сучаснага секулярнага свету, бо яго вядзе вікарый Хрыста, якога Ён умацоўвае, каб той умацоўваў нас, у тым ліку моладзь, у веры».

«Сінод завяршыўся, але ён павінен працягвацца ў штодзённым пастырскім жыцці Касцёла», – дадаў старшыня беларускага епіскапату.

Абноўлена 29.10.2018 14:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця