На Сінодзе Біскупаў была выбрана камісія па рэдагаванні Выніковага дакумента асамблеі. Пра гэта 10 кастрычніка паведаміў на брыфінгу прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паоло Руфіні.
У склад камісіі ўвайшлі пяць Сінадальных Айцоў, па адным ад кожнага кантынента: ад Афрыкі – кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека; ад Амерыкі – кардынал Карлас Агіяр Рэтэс, арцыбіскуп Мехіка; ад Азіі – кардынал Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Бамбея; ад Еўропы – арцыбіскуп Кьеці-Вастскі Бруна Фортэ; ад Аўстраліі – арцыбіскуп Мельбурнскі Пітэр Эндру Каменсолі.
Трох членаў камісіі прызначыў асабіста Папа: Вярхоўнага архіепіскапа Кіева-Галіцкага Святаслава Шаўчука, старшыню Сіноду Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы; айца Алешандрэ Аві Мэло, сакратара Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця; кс. Эдуарда Ганзала Рэдонда, адказнага за душпастырства пакліканняў у Канферэнцыі Біскупаў Кубы.
У склад камісіі ўваходзяць таксама Генеральны рэлятар Сіноду Біскупаў кардынал Серджыу да Роша, арцыбіскуп Бразіліа і старшыня Канферэнцыі Біскупаў у Бразіліі; два Спецыяльныя сакратары: італьянскі езуіт кс. Джакамо Коста і італьянскі салезіянін кс. Расано Сала; Генеральны сакратар Сіноду кардынал Ларэнцо Балдзісэры.