29 жніўня перад агульнай аўдыенцыяй у Ватыкане папа Францішак благаславіў алтар, перад якім будуць адбывацца спецыяльныя малітвы ў інтэнцыі міру.
Алтар будзе размешчаны ў адмысловай Капліцы супакою, якую 1 верасня ўрачыста адкрыюць ў польскім мястэчку Непакалянаў у рамках ініцыятывы «Дванаццаць зорак на кароне Марыі Каралевы Супакою», якую рэалізуе асацыяцыя «Супольнасць Каралевы Супакою».
Праект прадугледжвае стварэнне цэнтраў эўхарыстычнай адарацыі і няспыннай малітвы за мір у самых неспакойных пунктах свету.
Плануецца, што іх будзе дванаццаць — па колькасці зорак на кароне Жанчыны, апранутай у сонца. Капліца ў Непакалянаве стане ўжо восьмай такой «зоркай» малітвы за мір праз заступніцтва Беззаганнай.
Раней былі створаны месцы адарыцыі і малітвы ў інтэнцыі міру ў Ерусаліме (Ізраіль), Меджугор’і (Боснія і Герцагавіна), Азёрным (Казахстан), Ямусукры (Кот-д’Івуар), Бэтлееме (Палестына), Кібехе (Руанда) і Нам’янгу (Паўднёвая Карэя). Падобныя капліцы плануецца пабудаваць таксама ў Паўднёвай і Паўночнай Амерыках, Аўстраліі і Акіяніі. Кожны алтар, які ўстанаўліваецца ў іх, благаслаўляе Папа.
«Супольнасць Каралевы Супакою» была заснавана ў 2008 г. у Радаме (Польшча). Малітоўная ініцыятыва падтрымліваецца польскім епіскапатам.