Пошук

30.05.2018 21:11   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Vatican Media

Сакрамэнт канфірмацыі ззяе ў святле хросту і рэалізуецца ў Эўхарыстыі, падкрэсліў папа Францішак у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі, якая 30 мая прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаных канфірмацыі, Папа звярнуў увагу на шчыльную сувязь гэтага сакрамэнту з усім хрысціянскім утаямнічаннем.

Ён заўважыў, што, перш чым атрымаць духоўнае намашчэнне, якое пацвярджае і ўмацоўвае ласку хросту, асоба, якая атрымлівае канфірмацыю, паклікана абнавіць абяцанні, дадзеныя калісьці бацькамі і хроснымі. Потым кандыдаты вызнаюць веру, адказваючы на адпаведныя пытанні біскупа.

«Паколькі прыйсце Святога Духа патрабуе сэрцаў, што трываюць у малітве, пасля маўклівай малітвы супольнасці біскуп, ускладаючы рукі на прымаючых канфірмацыю, просіць Бога спаслаць на іх Святога Духа Суцяшыцеля.

Дух — той самы, але, прыходзячы да нас, Ён прыносіць з сабой багацце дароў: мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці і святой боязі.

Паводле прарока Ісаі, гэта сем цнотаў Духа, якія сышлі на Месію для выканання Яго місіі. Таксама св. Павел кажа пра багатыя плады Духа, якімі з’яўляюцца „любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць“. Адзіны Дух раздае шматлікія дары, якія ўзбагачаюць адзіны Касцёл: Ён — Стварыцель разнастайнасці, і ў той самы час — Творца еднасці», — падкрэсліў Папа.

Наступнік Пятра заўважыў, што, згодна з традыцыяй, засведчанай апосталамі, Дух дапаўняе ласку хросту падчас ускладання рук. Гэты біблійны жэст дапаўняецца намашчэннем духмяным алеем, які называецца хрызмам і да сённяшняга дня выкарыстоўваецца як на Усходзе, так і на Захадзе.

«Алей з’яўляецца тэрапеўтычным і касметычным рэчывам, якое, уваходзячы ў тканкі цела, лечыць раны і напаўняе яго водарам. З-за гэтага ён быў узяты біблійнай і літургічнай сімволікай, каб выказаць дзейнасць Святога Духа, які асвячае і прасякае ахрышчанага, аздабляючы яго харызмамі. Сакрамэнт удзяляецца праз намашчэнне хрызмам на чале, што біскуп робіць разам з ускладаннем рук, кажучы: „Прымі знак Дару Духа Святога“», — нагадаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што, атрымліваючы на чале знак крыжа, які робіцца духмяным алеем, канфірмаваны чалавек атрымлівае нязмыўную духоўную пячатку, «штамп», які больш дасканала прыпадабняе яго да Хрыста і дае ласку распаўсюджваць сярод людзей «водару Хрыста».

«Гэта незаслужаны дар Святога Духа, які мы павінны прымаць з удзячнасцю, даючы месца Яго невычэрпнай творчасці. Гэта дар, які трэба рупліва берагчы, які трэба ўмацоўваць паслухмянасцю, дазвяляючы, каб ён фармаваў нас, як воск, сваёй нязгаснай любоўю для адлюстравання Езуса Хрыста ў сучасным свеце», — адзначыў Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі папа Францішак, маючы на ўвазе заканчэнне мая — месяца, прысвечанага ў Каталіцкім Касцёле асабліваму ўшанаванню Панны Марыі, пажадаў вернікам, каб Маці Божая заўсёды была прытулкам у радасныя і цяжкія хвіліны, каб дапамагала сем’ям станавіцца супольнасцю малітвы, узаемаразумення і дару.

Абноўлена 31.05.2018 08:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.