Кніга выйдзе ў фармаце інтэрв’ю і будзе прысвечана Сіноду Біскупаў, які пройдзе восенню 2018 года на тэму моладзі.
Назва новай кнігі — «Бог — малады». Яе прэзентацыя запланавана на 20 сакавіка. У кнізе Святы Айцец адказвае на пытанні журналіста і пісьменніка, 32-гадовага Томаса Леанчыні — аўтара інтэрв’ю з вядучымі дзеячамі палітыкі, эканомікі і кіно.
Выданне прымеркавана да Сусветнага дня моладзі, які адзначаецца ў Пальмовую нядзелю і сёлета будзе папярэднічаць Сіноду Біскупаў.
Папа Францішак звяртаецца ў кнізе да маладых людзей ва ўсім свеце, якія належаць або не належаць да Касцёла, і ўступае з імі ў «адважны, глыбокі і запамінальны» дыялог, паведамляе выдавец.
У гутарках з Леанчыні Папа апісвае найбольш важныя праблемы сучаснасці, паказваючы ролю маладых герояў агульнай гісторыі.
Гэта не першая кніга-інтэрв’ю папы Францішка. «Імя Бога — Міласэрнасць» — так называлася размова, якую правёў з Папам італьянскі журналіст-ватыканіст Андрэа Тарніелі, задаючы яму 40 пытанняў, — з’явілася ў студзені 2016 г.
Праз некалькі месяцаў сіламі Віцебскай дыяцэзіі, грэка-каталіцкай парафіі святамучаніка Язафата ў Полацку і Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё яна была выдадзена на беларускай мове.
XV Агульнае пасяджэнне Сінода Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання» пройдзе ў Рыме з 3 па 28 кастрычніка з удзелам біскупаў з усяго свету.