Пошук

04.12.2017 18:30   Мікола Гракаў

«Адвэнт — гэта час, дадзены нам, каб сустрэць Пана, які ідзе нам насустрач, а таксама каб выпрабаваць нашае жаданне Бога, каб глядзець наперад і падрыхтавацца да другога прыйсця Хрыста», —  заўважыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» 3 снежня на плошчы святога Пятра.

«Ён зноў прыйдзе да нас падчас калядных святаў, калі мы будзем адзначаць успамін Яго гістарычнага прыйсця ў пакоры чалавечага стану; але Ён уваходзіць у нас таксама кожны раз, калі мы гатовыя Яго прыняць, і зноў прыйдзе ў канцы часоў, каб "судзіць жывых і памерлых"», — падкрэсліў Святы Айцец.

Разважаючы над зместам Евангелля паводле Марка (Мк 13, 33–37), Папа падкрэсліў, што варта прыслухоўвацца да парадаў Езуса, які заклікае «быць уважлівымі і чуваць, каб быць гатовымі прыняць Яго, калі Ён вернецца».

Затым Пантыфік засяродзіў увагу над тым, што сапраўды значыць быць уважлівым і чуваць.

«Уважлівы чалавек — гэта той, хто ў мітусні гэтага свету на дае сябе збіць з ног разгубленасці ці павярхоўнасці, а жыве напоўніцу і свядома, клапоцячыся перадусім пра іншых. З такімі адносінамі мы ўсведамляем слёзы і патрэбы бліжняга і таксама можам спасцігнуць ягоныя чалавечыя і духоўныя здольнасці і якасці», — сказаў Папа.

Чалавек уважлівы, па словах Пантыфіка, «акрамя таго, звяртаецца таксама да свету, імкнучыся супрацьстаяць абыякавасці і жорсткасці, якія ў ім ёсць, і радуючыся скарбам прыгажосці, якія таксама існуюць і якія варта зберагаць».

Чуйнасць жа праяўляецца ў здольнасці прыняць заклік чуваць, «гэта значыць не даць сябе ахапіць сну млявасці, безнадзейнасці, расчаравання; і ў той жа час ён адкідае мітусню вакол шматлікіх марнасцяў, што паглынае свет, у ахвяру якім часам прыносяцца час і спакой — асабісты і сямейны».

«Быць уважлівымі і чуйнымі — гэта перадумова таго, каб больш не «збочваць са шляхоў» Пана, згубіўшыся ў сваіх грахах і ва ўласнай нявернасці; быць уважлівымі і чуйнымі — гэта значыць дазволіць Богу ўмяшацца ў нашае існаванне, каб Ён вярнуў яму значэнне і каштоўнасць сваёй прысутнасцю, поўнай дабрыні і лагоднасці», — заключыў Святы Айцец.

Абноўлена 05.12.2017 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця