«Сёння свята тых, хто дасягнуў мэты, пазначанай на гэтай карце: гэта не толькі святыя з календара, а таксама шматлікія браты і сёстры што “жывуць па суседстве”, якіх, магчыма, мы сустракалі і ведалі», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых.
На пачатку малітвы Пантыфік нагадаў, што «святыя — гэта не нейкія дасканалыя супергероі, а людзі, якія сустрэліся з Панам».
«Святыя — нашыя браты і сёстры, якія прынялі святло Бога ў сваё сэрца і выпраменілі яго ў свет, афарбаваўшы яго ў свой “колер”. Але ўсе яны сталі празрыстымі ў змаганні з брудам і цемраю граху, каб прапусціць праз сябе лагоднае святло Бога», — дадаў Папа.
«Сёння ў Евангеллі Езус звяртаецца да сваіх вучняў, да ўсіх нас, кажучы нам “шчаслівыя”, — працягваў Святы Айцец. — Сапраўднае шчасце ў тым, каб быць з Панам і жыць дзеля любові. Вы верыце ў гэта?.. Мы павінны пайсці далей, каб паверыць у гэта».
Рэцэпт шчаслівага жыцця, як нагадаў Пантыфік, называецца «благаслаўленнямі»: шчаслівыя простыя, пакорныя, якія даюць месца Пану, якія ўмеюць плакаць з-за іншых і з-за сваіх уласных памылак, якія маўчаць, змагаюцца за справядлівасць, праяўляюць міласэрнасць да ўсіх, захоўваюць чысціню сэрца, заўсёды імкнуцца да міру і радуюцца, якія не ненавідзяць і, нават калі пакутуюць, адказваюць на зло дабром.
«Такія вось гэтыя благаслаўленні, — працягваў папа Францішак, — не патрабуюць гучных словаў, не прызначаныя для суперчалавека, а для таго, хто перажывае выпрабаванні і цяжары кожнага дня, для нас. Такія яны, святыя: яны, як і ўсе, дыхаюць паветрам, забруджаным злом, якое ёсць у свеце, але ў дарозе ніколі не губляюць шляху, вызначанага Езусам».
«Сёння свята тых, хто дасягнуў мэты, пазначанай на гэтай карце: гэта не толькі святыя з календара, а таксама шматлікія браты і сёстры што “жывуць па суседстве”, якіх, магчыма, мы сустракалі і ведалі. Сёння — сямейнае свята: свята шматлікіх простых і незаўважных людзей, якія насамрэч дапамагаюць Богу весці свет наперад. І сёння іх так шмат! Іх шмат. Дзякуй гэтым невядомым братам і сёстрам, якія дапамагаюць Богу весці свет наперад», — заклікаў Пантыфік.
На заканчэнне Папа ўзгадаў іншае благаслаўленне, якое змешчана не ў Евангеллі, а ў канцы Бібліі і кажа пра канец жыцця: «Шчаслівыя памерлыя, якія паміраюць у Пану» (Ап 14, 13).
«Мы закліканыя малітваю падтрымацть нашых блізкіх памерлых, каб яны заўсёды радаваліся Пану. З удзячнасцю ўзгадаем дарагіх нам людзей і памоліммся за іх. Маці Божая, Каралева святых і Брама неба, няхай сваім заступніцтвам атуляе наш шлях да святасці і нашых блізкіх, якія апярэдзілі нас і ўжо адышлі ў нябесную Айчыну», — заключыў Святы Айцец.