Пошук

Фота: ria.ru

23 кастрычніка ў Ватыкане прайшла сустрэча папы Францішка і Патрыярха Тэафіла ІІІ, прадстаяцеля Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы.

У прамове Пантыфік выказаў шчырае жаданне і гатоўнасць працягваць шлях да поўнай еднасці паміж католікамі і праваслаўнымі. «Калі б мы гэтага не рабілі, гэта было б самай цяжкай правінай сённяшняга дня, было б ухіленнем ад настойлівага закліку Хрыста, а таксама знакаў часу, якія Дух сее на шляху Царквы», — сказаў Святы Айцец.

Папа Францішак выказаў занепакоенасць сітуацыяй тых, хто пакутуе ад канфліктаў на Святой Зямлі. Пантыфік пажадаў, каб у рэгіёне спынілася насілле, дыскрымінацыя і праявы неталерантнасці супраць людзей, а таксама юдэйскіх, хрысціянскіх і мусульманскіх культавых будынкаў.

Іерусалім, актуальны статус якога павінен бараніцца і ахоўвацца, павінен быць месцам, дзе ўсе могуць жыць у міры, бо ў адваротным выпадку «спіраль пакут будзе працягвацца для ўсіх і бясконца», падкрэсліў Папа.

Пантыфік таксама пажадаў, каб хрысціяне Святой Зямлі лічыліся інтэгральнай часткай грамадства, якая робіць свой унёсак у супольнае дабро і будаванне міру, што можа быць яшчэ больш плённым пры ўзаемадзеянні розных канфесій, прысутных у рэгіёне.

Сустрэча папы Францішка з Тэафілам ІІІ была не першай. Дагэтуль яны сустракаліся ўжо двойчы: падчас пілігрымкі Пантыфіка на Святую Зямлю ў маі 2014 г. і з нагоды малітвы за мір, якая ў чэрвені 2014 г. была арганізавана ў Ватыканскіх садах.

Абноўлена 24.10.2017 12:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця