Пошук

17.10.2017 16:20   be.radiovaticana.va

19 кастрычніка ў Італіі асобнай кнігай выйдуць восем інтэрв’ю, якія папа Францішак даў галоўнаму рэдактару італьянскага езуіцкага журнала La Civilta Cattolica кс. Антоніо Спадара або іншым яго сабратам.

Прадмову да кнігі пад назвай «Цяпер задавайце вашыя пытанні» (Adesso fate le vostre domande) напісаў сам Пантыфік. «Даваць інтэрв’ю — гэта адзін са спосабаў камунікацыі ў маім служэнні», — сцвердзіў Святы Айцец.

Фрагмент папскай прадмовы з’явіўся на старонках італьянскай La Repubblica.

Папа Францішак нагадаў, што ўпершыню з  ксяндзом Спадара размаўляў у жніўні 2013 г. Пантыфік прызнаў, што спачатку адмовіў у інтэрв’ю, бо інстынктыўна баяўся гэтай размовы. «Пазней я адчуў, што магу давяраць яму, што я павінен давяраць. І пагадзіўся», — успамінае Папа.

Гаворачы аб інтэрв’ю падчас палётаў, звязаных з апостальскімі падарожжамі, якія палягаюць на спантаннай размове з суправаджаючымі журналістамі, Пантыфік прызнаўся, што стараецца быць асцярожным у сваіх выказваннях.

«Заўсёды заклікаю Святога Духа, перш чым яны пачнуць задаваць пытанні і я адкажу. Але, як не магу забыцца пра асцярожнасць, так і не магу страціць давер. Я ведаю, што гэта можа аслабіць мяне, але я павінен лічыцца з гэтай небяспекай, — падзяліўся папа Францішак і дадаў: — Калі б я не давяраў, не даваў бы інтэрв’ю: для мяне гэта відавочна».

«Для мяне інтэрв’ю з’яўляюцца дыялогам, а не лекцыяй»

«Я звязваю гэтыя размовы ў форме інтэрв’ю са штодзённымі гаміліямі ў капліцы Дома св. Марты, якая, можна сказаць, з’яўляецца маёй парафіяй. Гэта паразуменне з людзьмі мне патрэбна», — прызнаўся Святы Айцец.

«Мне падабаецца гаварыць як з невялікім выданнем, так і з папулярнай прэсай. Тады адчуваю сябе яшчэ больш у сваёй талерцы. У гэтых выпадках я чую пытанні і праблемы простых людзей. (...) Для мяне інтэрв’ю з’яўляюцца дыялогам, а не лекцыяй. (...) На маю думку, інтэрв’ю — гэта частка размовы Касцёла з сённяшнім чалавекам», — напісаў папа Францішак ва ўступе да новай кнігі.

Абноўлена 21.05.2018 10:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа