3 верасня на пл. Святога Пятра ў Ватыкане папа Францішак разважаў над евангельскім урыўкам пра рэакцыю апостала Пятра, калі Езус расказаў пра свае будучыя цярпенні, смерць і ўваскрасенне.
Паводле слоў Пантыфіка, «у гэты момант Настаўнік звяртаецца да ўсіх, хто ішоў за Ім, ясна паказваючы ім шлях, які трэба пераадолець: “Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною” (пар. Мц 16, 24)».
Езус, як адзначыў Святы Айцец, дапаўняе свой заклік словамі, у якіх гучыць вялікая і заўсёды актуальная мудрасць, таму што ў іх — выклік эгаістычнаму мысленню і паводзінам.
Езус настаўляе: «Хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго» (пар. Мц 16, 25). У гэтым парадоксе заключаецца залатое правіла, упісанае Богам у чалавечую натуру, створаную ў Хрысце: правіла, што толькі любоў надае жыццю сэнс і дае шчасце.
Папа нагадаў, што траціць свае таленты, свае сілы і свой час толькі на тое, каб збавіць, захаваць саміх сябе і самарэалізавацца — гэта вядзе да згубы ці да сумнага і бясплённага існавання.
«Мы ж, наадварот, жывём для Пана і засноўваем нашае жыццё на любові, як зрабіў гэта Езус: так зможам адчуць сапраўдную радасць, і нашае жыццё не будзе бескарысным, будзе плённым», — адзначыў папа Францішак.
Паводле Папы, у цэлебрацыі Эўхарыстыі мы зноў перажываем таямніцу крыжа; не толькі ўзгадваем яе, а здзяйсняем успамін збаўчай Ахвяры, у якой Сын Божы цалкам губляе сябе, каб зноў атрымаць ад Айца і адшукаць нас, загубленых разам з усім стварэннем.
Кожны раз, калі мы ўдзельнічаем у святой Імшы, любоў Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага ўдзяляецца нам як ежа і напой, каб мы маглі ісці за Ім шляхам кожнага дня, у канкрэтным служэнні братам.
«Найсвяцейшая Панна Марыя, якая пайшла за Хрыстом ажно на Галготу, няхай суправаджае таксама і нас і дапамагае нам не баяцца крыжа (...), крыжа цярпення дзеля любові да Бога і да братоў, таму што гэтае цярпенне дзякуючы Божай ласцы прыносіць плён уваскрашэння», — заключыў Пантыфік.