Пошук

01.09.2017 09:15   be.radiovaticana.va / Catholic.by

Католікі і юдэі «перажываюць плённы перыяд дыялогу», падкрэсліў папа Францішак падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў Канферэнцыі еўрапейскіх рабінаў, Рабінскага савету Амерыкі і Камісіі Вялікага рабінату Ізраіля па дыялогу з Апостальскай Сталіцай. Сустрэча прайшла 31 жніўня ў Ватыкане.

Падчас сустрэчы адзначаўся значны прагрэс у стасунках паміж дзвюма рэлігіямі, пачатак якому дала дэкларацыя Другога Ватыканскага Сабору Nostra Aetate. Папа Францішак назваў яе «вялікай хартыяй» дыялогу з іўдаізмам. «На працягу апошніх дзесяцігоддзяў мы здолелі стаць бліжэй дзякуючы эфектыўнаму і плённаму дыялогу. Мы паглыбілі нашае ўзаемнае знаёмства і ўмацавалі нашы сяброўскія сувязі», — дадаў Пантыфік.

Прадстаўнікі іўдаізму ўручылі Святому Айцу дакумент «Паміж Іерусалімам і Рымам», які быў распрацаваны Канферэнцыяй еўрапейскіх рабінаў у супрацоўніцтве з іншымі рабінскімі арганізацыямі з нагоды 50-годдзя Nostra Aetate. У дакуменце гаворка вядзецца аб гісторыі адносінаў паміж католікамі і юдэямі, аб уплыве саборавай Дэкларацыі на міжрэлігійныя стасункі і перспектывы ўзаемаадносін паміж іўдаізмам і каталіцтвам.

Папа Францішак заўважыў, што ў дакуменце католікі называюцца «партнёрамі, блізкімі саюзнікамі, сябрамі і братамі ў сумесным пошуку лепшага свету, які мог бы радавацца міру, сацыяльнай справядлівасці і бяспецы». Акрамя таго, тут утрымліваецца сцвярджэнне, што, «нягледзячы на глыбокія тэалагічныя адметнасці, католікі і юдэі маюць тыя самыя перакананні». Гэта важна, падкрэсліў Папа і дадаў: каб уплываць і натхняць, рэлігіі павінны звяртацца да маральных паводзінаў і рэлігійнага выхавання, а не да войнаў, прымусу і сацыяльнага ўціску.

На заканчэнне сустрэчы Пантыфік падзякаваў гасцям за візіт і папрасіў аб малітве ў сваёй інтэнцыі, пасля чаго пажадаў, каб Найвышэйшы благаславіў супрацоўніцтва паміж католікамі і юдэямі дзеля лепшага спаўнення Яго поўных міру задумаў.

Абноўлена 01.09.2017 12:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця