30 ліпеня падчас малітвы «Анёл Панскі» на пл. Св. Пятра ў Рыме папа Францішак засяродзіўся над алегарычнай прамовай Хрыста, якая ўключае ў сябе сем прыпавесцяў з трынаццатага раздзелу Евангелля паводле Мацвея.
Гэты раздзел завяршаецца трыма сённяшнімі параўнаннямі: са схаваным скарбам (гл. Мц 13, 44), з каштоўнай пярлінай (гл. Мц 13, 45–46) і нератам з рыбай (гл. Мц 13, 47–48).
Святы Айцец спыніўся на першых двух, у якіх падкрэсліваецца рашучасць іх герояў прадаць усё, каб набыць тое, што яны знайшлі.
У першым прыкладзе гаворка ідзе пра селяніна, які выпадкова натрапіў на скарб, схаваны на полі, на якім ён працуе. Каб завалодаць скарбам, яму трэба было набыць поле, бо ён ім не валодаў: таму ён адважваецца рызыкнуць усім, што мае, каб не страціць гэтага сапраўды выключнага шансу.
У другім прыкладзе паказаны купец, які шукае прыгожыя пярліны; як дасведчаны знаўца ён вызначыў, што пэўная пярліна мае вялікую каштоўнасць. Таксама і ён адважваецца ўсё паставіць на гэтую пярліну і дзеля гэтага прадаць усе іншыя.
«Гэтыя параўнанні выразна паказваюць дзве рэчы, неабходныя для набыцця Божага Валадарства: пошук і ахвяру, — адзначыў Папа Рымскі. — Праўда, што Божае Валадарства дадзена ўсім — гэта дар, падарунак, ласка; але яго не прынясуць на талерцы з блакітнай каёмкай, для гэтага трэба варушыцца: шукаць, ісці, штосьці рабіць. Істотная ўмова для таго, каб знайсці, — быць у пошуку».
Аналізуючы ўрывак з Евангелля, Пантыфік дадаў: «Вучань Хрыста — гэта не той, хто пазбавіў сябе чагосьці неабходнага; гэта той, хто знайшоў нашмат больш: хто знайшоў поўную радасць, якую можа даць толькі Пан».
Паводле слоў папы Францішка, радасць Евангелля напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам. «Тыя, хто дае Яму сябе збавіць, вызваляюцца ад грахоў, ад смутку, ад унутранай пусткі, ад самотнасці. З Езусам Хрыстом заўсёды нараджаецца і адраджаецца радасць (пар. Evangelii Gaudium, 1)».
У завяршэнне Пантыфік дадаў: «Молімся праз заступнітцтва Дзевы Марыі, каб кожны з нас у сваім штодзённым жыцці словамі і ўчынкамі ўмеў сведчыць пра радасць ад знойдзенага скарбу Божага Валадарства — любові, якую Айцец даў нам праз Езуса».