Пошук

19.07.2024 11:11   Паводле: КАІ / Catholic.by
Меджугор’е. Фота: Monika Książek

Далейшыя ацэнкі меркаваных звышнатуральных з’яў будуць апублікаваны ў бліжэйшыя некалькі дзён, сказаў прэфект Дыкастэрыі Веравучэння кардынал Віктар Мануэль Фэрнандэс у інтэрв’ю іспанскай каталіцкай газеце Alfa y Omega.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, кардынал Фэрнандэс адзначыў, што ў бліжэйшыя месяцы чакаецца яшчэ некалькі пастаноў, але ёсць таксама справы, якія яшчэ патрабуюць больш працяглай ацэнкі. Пра якія канкрэтна выпадкі ідзе гаворка, Прэфект не ўдакладніў. Многія асабліва чакаюць пастановы адносна меркаваных Марыйных аб’яўленняў у Меджугор’і ў Босніі і Герцагавіне, куды адбываюцца масавыя пілігрымкі, але да гэтага часу няма рашэння Касцёла.

Кардынал Фэрнандэс патлумачыў колькасць рашэнняў новымі правіламі ацэнкі меркаваных звышнатуральных з’яў, што дзейнічаюць з сярэдзіны мая. «Некаторыя справы былі практычна замарожаныя, таму што чакалася пацвярджэнне іх звышнатуральнага або боскага паходжання», — адзначыў іерарх.

Аднак, згодна з новымі правіламі, звышнатуральнае паходжанне з’явы ўжо не пацвярджаецца, а толькі вызначаецца дапушчальнасць і ўмовы культу.

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння ўдакладніў крытэрыі ацэнкі. Вырашальнымі фактарамі з’яўляюцца «духоўны і душпастырскі плён, а таксама адсутнасць крытычных элементаў, якія маглі б мець негатыўны ўплыў на народ Божы». У выпадку меркавных звышнатуральных пасланняў іх змест старанна аналізуецца, каб падкрэсліць дабро і адлюстраванне Евангелля. «І калі некаторыя пасланні — нават калі яны не парушаюць веру і мараль — могуць выклікаць непаразуменні, будуць пададзены тлумачэнні», — дадаў кардынал.

Нягледзячы на тое, што новыя правілы больш не прадугледжваюць пацвярджэння звышнатуральнага паходжання, Папа ўсё яшчэ можа выносіць такія меркаванні.

«Аднак гэта не ўяўляецца мне неабходным, таму што даўно зразумела, што нават абвяшчэнне звышнатуральнасці не абавязвае вернікаў прызнаваць боскае паходжаннне такія з’яваў», — падкрэсліў кардынал Фэрнандэс.

За апошнія тыдні Дыкастэрыя Веравучэння апублікавала чатыры рашэнні адносна Марыйных аб’яўленняў.

У сераду гэтае ватыканскае ведамства дало дабро Nihil obstat для культу Маці Божай пад тытулам Madonna dello Scoglio у Калабрыі на поўдні Італіі. На мінулым тыдні дыкастэрыя абвясціла ўжо прынятае Папам Паўлам VI рашэнне аб тым, што меркаванае аб’яўленне «Маці Божай усіх народаў» у Амстэрдаме не можа лічыцца звышнатуральным. Першае рашэнне па новых стандартах было апублікавана напрыканцы чэрвеня. Меркаванае аб’яўленне Марыі ў парафіі Трэвіньяна каля Рыма, паводле рашэння Дыкастэрыі, відавочна не мела звышнатуральнага паходжання. На пачатку мінулага тыдня Дыкастэрыя апублікавала станоўчую ацэнку аб’яўлення Маці Божай пад тытулам Maria Rosa Mistica, на падставе якой адказны біскуп Брэшыі цяпер можа зрабіць далейшыя крокі да яе прызнання.

Абноўлена 19.07.2024 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.