Пошук

02.06.2022 11:44   Vatican News
Фота: CNS / Paul Haring

31 мая, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, Папа Францішак правёў Ружанцовую малітву перад фігурай Маці Божай, Каралевы супакою, у рымскай базыліцы святой Марыі Вялікай (Санта-Марыя-Маджорэ).

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец маліўся аб хуткім спыненні войнаў, што лютуюць у розных частках свету на працягу дзесяцігоддзяў, а цяпер і на еўрапейскім кантыненце. Да набажэнства ў інтэнцыі міру далучыліся вернікі ў санктуарыях ва ўсім свеце, таксама і ў краінах, дзе ідуць войны.

«О Марыя, Маці Божая і Каралева супакою, падчас пандэміі мы збіраліся вакол Цябе, каб прасіць Твайго заступніцтва. Мы прасілі падтрымаць хворых і дадаць сілы медыцынскім работнікам; мы прасілі праявіць літасць да паміраючых і выцерці слёзы тым, хто пакутуе ў цішыні і самоце.

Сёння ўвечары, на заканчэнне месяца, прысвечанага Табе, мы зноў стаім перад Табой, Каралева супакою, просячы Цябе аб цудоўным дары міру і хуткім спыненні вайны, якая на працягу многіх дзесяцігоддзяў лютуе ў розных частках свету і цяпер таксама прыйшла на еўрапейскі кантынент», — маліўся Пантыфік.

Ён заўважыў, што «мір — гэта не толькі вынік перамоваў або следства справядлівага палітычнага пагаднення, але перш за ўсё — пасхальны дар Святога Духа».

«Мы прысвяцілі Твайму Беззаганнаму Сэрцу народы, якія загразлі ў вайне, і прасілі аб вялікім дары навяртання сэрцаў. Мы ўпэўненыя, што зброяй малітвы, посту і міласціны, а таксама дарам Тваёй ласкі могуць быць пераменены чалавечыя сэрцы і лёс усяго свету. Сёння мы ўзносім сэрцы да Цябе, Каралева супакою: заступайся за нас перад сваім Сынам, паяднай сэрцы, напоўненыя насіллем і помстай, выправі думкі аслепленых жаданнем лёгкага ўзбагачэння, няхай Твой супакой запануе ва ўсім свеце», — завяршыў малітву Папа Францішак.

У ружанцовым набажэнстве ўдзельнічалі дзеці, якія на працягу апошніх тыдняў прынялі Першую святую Камунію і канфірмацыю, скаўты, сем’і ўкраінскай супольнасці Рыма, прадстаўнікі моладзі, члены корпуса Ватыканскай жандармерыі і Папскай швейцарскай гвардыі, прадстаўнікі трох рымскіх парафій, апякункай якіх з’яўляецца Марыя Каралева супакою, а таксама супрацоўнікі Рымскай курыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа