Пошук


15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у Мёрах (Віцебская дяцэзія) біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату семінарысту Уладзіславу Шарковічу.

Гэтая важная для ўсёй дыяцэзіі падзея адбылася ў дзень парафіяльнай урачыстасці тытулу касцёла ў родным мястэчку новапасвячанага дыякана, які сёлета паспяхова завяршыў вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

На пачатку літургіі біскуп Алег Буткевіч заклікаў усіх яе ўдзельнікаў даручыць шлях далейшага служэння Уладзіслава Шарковіча Маці Божай Унебаўзятай разам з усімі клопатамі, цяжкасцямі і радасцямі, якія яго на гэтым шляху чакаюць.

«Просім аб ласцы вытрываласці для яго, каб ён быў знакам Божай прысутнасці на гэтай зямлі, быў тым, праз каго Езус у гэтым свеце вядзе да свайго Валадарства», — заклікаў іерарх.

На ўрачыстай св. Імшы разам з Віцебскім біскупам у гэтай інтэнцыі маліліся рэктар семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка, духоўны айцец семінарыстаў Аркадзь Куляха OCD, святары, якія паходзяць з мёрскай парафіі, семінарысты і тыя, хто дапамагаў і падтрымліваў Уладзіслава на шляху паклікання.

Пасля Літургіі слова пробашч мёрскай парафіі кс. дэкан Кшыштаф Мянкіна звярнуўся да біскупа з просьбай удзяліць пасвячэнне дыяканату і засведчыў, што кандыдат належным чынам падрыхтаваны і годны прыняць пасвячэнне.

Пасля прадстаўлення кандыдата пастыр дыяцэзіі прамовіў гамілію, у якой глыбей раскрыў сэнс дыяканскага служэння ў Касцёле.

З самага пачатку тыя, каго апосталы вызначылі на гэтае служэнне, павінны былі клапаціцца пра патрабуючых. Святое Пісанне і гісторыя Касцёла падаюць прыклады веры і мужнасці першых дыяканаў.

Так, першамучанік Стэфан перад абліччам смерці мужна вызнаў сваю веру ў Хрыста, і Бог даў яму ласку ў апошнія хвіліны зямнога жыцця ўбачыць адкрытае неба. Дыякан Лаўрэнцій прыняў мучаніцкую смерць за веру ў Рыме, раздаўшы перад гэтым усе даброты бедным і гаротным.

Надзелены паўнатой святарства біскуп, настаўляючы кандыдата, засяродзіўся таксама на сутнасці святарскага служэння, да якога той рыхтуецца.

«У чым істота таго, што мы называем святарствам? Шлях да Бога ляжыць праз знакі, якія пакінуў Езус, пачынаючы з сакрамэнту хросту. Вельмі важная рэч — асабістае сведчанне чалавека. Тое, што будзе найбольш прамаўляць — гэта жыццё, вера, якая павінна дапамагаць убачыць і прыняць тую праўду, якую дае нам Святое Пісанне.

Хто такі святар? Гэта той, хто жыве ў гэтым свеце, з усімі цяжкасцямі, спакусамі і выпрабаваннямі, але мае абавязак сэрцам належаць да Божага Валадарства. Прыналежнасць сэрца павінна быць бачная ў жыцці», — падкрэсліў біскуп Алег.

На заканчэнне свайго пастырскага настаўлення ён пажадаў Уладзіславу Шарковічу, каб той меў адвагу быць паслухмяным натхненням Духа Святога, каб не баяўся быць Яго прыладай, адмаўляючыся ад уласнай волі.

Пасля традыцыйных перад пасвячэннем абяцанняў кандыдата ўсе прысутныя маліліся Літаніяй да ўсіх Святых, падчас якой кандыдат ляжаў крыжам перад алтаром.

Потым адбылося ўскладанне рук і малітва пасвячэння, пасля чаго новапасвячаны дыякан, апрануўшы стулу і далматыку, атрымаў з рук біскупа Евангелле і прыняў ад яго прывітанне супакою.

Пасля заканчэння ўрачыстай літургіі святкаванне працягнулася на вуліцы пад гукі музыкі і спеваў моладзевага гурта.

Больш фота ТУТ>>>

Абноўлена 17.08.2018 00:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа