Пошук

14.05.2018 12:11   Фота: з архіва дк. Артура Ляшнеўскага SDB / Catholic.by

Беларус Артур Ляшнеўскі SDB разам з адзінаццаццю сабратамі-салезіянамі з Польшчы і Украіны атрымаў дыяканскае пасвячэнне з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB.

Урачыстасць прайшла 12 мая ў касцёле св. Станіслава Косткі ў Кракаве (Польшча).

Дыяканскае пасвячэнне ўводзіць кандыдатаў у духоўны стан, а таксама робіць іх звычайнымі распарадчыкамі некаторых сакрамэнтаў, дае прывілею абвяшчаць Божае Слова і благаслаўляць вернікаў.

Літургія ў гэты дзень скіроўвае ўвагу на два важныя аспекты: быць сведкам і місіянерам святога Евангелля, а таксама на паслугу міласэрнасці, якую дыяканы павінны спаўняць ва ўлонні Касцёла.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, звяртаючыся да кандыдатаў, звярнуў увагу на пакорнае служэнне бліжнім, а таксама на вялікі дар прапаведвання Хрыста, якое стане з моманту пасвячэння абавязкам дыякана.

Іерарх падкрэсліў вагу Божага крыжа ў жыцці духоўнай асобы. Вельмі моцным быў аповед пра адну з беларускіх парафій, якая не мела святара падчас камуністычнай навалы.

Вернікі, не маючы каму вызнаць свае грахі, паставілі ў канфесіянал фігуру ўкрыжаванага Езуса і Яму спавядаліся ў сваіх штодзённых слабасцях. Гэты прыклад, а таксама іншыя сімвалы і павучэнні, пра якія расказаў біскуп Алякандр Яшэўскі, дапамог лепш зразумець таямніцу паклікання і падрыхтаваць сваё сэрца да прыняцця асаблівага дару Езуса Хрыста.

На ўрачыстасці прысутнічалі шматлікія пілігрымы з Беларусі, якія прыбылі ў Кракаў, каб маліцца за дыякана Артура і падтрымаць яго сваёй прысутнасцю. Акрамя свецкіх гасцей з Беларусі, прысутнічалі і некаторыя кансэкраваныя асобы.

Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB — рэгіянальны настаяцель місіі св. Францішка Сальскага — на заканчэнне звярнуўся да новапасвячаных дыяканаў ад імя ўсёй салезіянскай сям’і ў нашай краіне, запэўніваючы, што за іх моляцца і чакаюць на Беларусі.

Пасля ўрачыстай літургіі ў місійным парку пры салезіянскай семінарыі адбыўся пачастунак і святочная праграма.

Акрамя гульняў, спеваў і танцаў, адметным быў міні-канцэрт саксафаніста Антонія Грыневіча, які выканаў для прысутных некалькі твораў. 

13 мая пілігрымка беларусаў вырушыла ў Кальварыю Забжыдоўскую, каб цэлебраваць разам Імшу падзякі.

Кальварыя — гэта польскі марыйны санктуарый. Месца было абрана невыпадкова: у 2016 годзе дыякан Артур атрымаў у гэтым месцы цуд аздараўлення нагі, якая была ў вельмі цяжкім і небяспечным стане.

Падчас Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі, быў благаслаўлены залаты вотум — сімвал удзячнасці за гэты цуд. Вотум у форме палаючага сэрца мае таксама гравіроўку з інтэнцыяй падзякі і годам цуду.

Пасля Імшы вотум быў перададзены манахам бэрнардынам, апекунам санктуарыя, якія размясцілі яго на дошцы падзякі каля цудатворнага абраза.

Дыякан Артур Ляшнеўскі шчыра дзякуе ўсім за малітву ў гэтыя дні, а асабліва тым, хто падтрымаў яго сваёй прысутнасцю, і просіць аб малітоўнай апецы на шляху падрыхтоўкі да прэзбітэрскага пасвячэння.

Абноўлена 14.05.2018 14:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа