28 лютага ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы вядомы беларускі пралайфер, бібліст і бацька вялікай сям’і Уладзіслаў Валаховіч распавёў моладзі пра інгрэдыенты шчаслівага сямейнага жыцця.
Увечары па серадах у невялічкім залатагорскім касцёле поўна моладзі. Тут адначасова праходзяць сустрэчы мінскай групы душпастырства моладзі Fides і супольнасці «Сіён», якая бярэ пачатак ад «Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі». Зазвычай гэтыя групы збіраюцца паасобку, але гэтым разам іх аб’яднала сустрэча з дырэктарам фонда «Адкрытыя сэрцы» Уладзіславам Валаховічам.
На працягу амаль дзвюх гадзінаў бацька пяцёх дзяцей дзяліўся з прысутнымі «сакрэтамі» шчаслівага сямейнага жыцця. Насамрэч, вялікага сакрэту тут няма: неабходна толькі жыць у адпаведнасці з устаноўленымі Богам законамі жыцця, якія можна назваць таксама «законамі прыроды».
Тэма яго выступу «Чысціня дашлюбных адносінаў. Планаванне сям’і» не пакінула нікога абыякавым: час ад часу ў прысутных узнікалі дыскусійныя пытанні.
Вядома, на кароткай сустрэчы вычарпальна асвятліць такую шырокую тэму немагчыма, таму фонд «Адкрытыя сэрцы» запрашае ўсіх жадаючых на адпаведныя семінары, на якіх падрабязна разглядаюцца ўсе аспекты адносінаў паміж мужчынам і жанчынай.
Першым і вельмі важным інгрэдыентам стварэння ў будучыні шчаслівай хрысціянскай сям’і з’яўляецца захаванне чыстых адносінаў да шлюбу. Як гэта рэалізаваць насуперак сучаснаму трэнду распусты, які распачаўся з сумнавядомай «сексуальнай» рэвалюцыі? Як не паддацца ўплыву кантрацэптыўнага мыслення, ЛГБТ-прапагандзе, гендарнай ідэалогіі: адным словам, усім тым уплывам, якія супярэчаць жыццю і пакліканню чалавека, створанага мужчынам і жанчынай, «пладзіцца і размнажацца»? Як быць сапраўдным мужчынам, сапраўднай жанчынай?..
Інгрэдыенты шчаслівай сям’і ад Уладзіслава Валаховіча — на відэаканале душпастырства моладзі Fides >>>