Пошук

08.01.2018 16:39   Кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

7 студзеня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве прайшла аплаткавая сустрэча для медыкаў, настаўнікаў, выхаваўцаў і журналістаў.

Сустрэча стала ўжо дзясятай па ліку ў цыкле аплаткавых сустрэч біскупа з прадстаўнікамі розных прафесій, удзельнікамі малітоўных груп і рэлігійных рухаў у магілёўскім рэгіёне.

Сустрэча распачалася супольным удзелам у святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці. Іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх прадстаўнікоў вышэйзгаданых прафесій, каб «у асабістым і прафесійным жыцці кіраваліся дарам сваёй хрысціянскай веры».

У сваёй гаміліі біскуп сярод іншага засяродзіў увагу на сутнасці гэтага вельмі радаснага ў літургічным жыцці Касцёла перыяду — Божага Нараджэння.

«Я вельмі хачу пажадаць усім нам, каб гэты радасны перыяд Божага Нараджэння, які са святам Хросту Пана заканчваецца, пакінуў у нас не эмацыйнасць, не ўспамін пра ялінкі з каляровымі агеньчыкамі, якія радасна мігцяць, не падарункі, а больш глыбокія пачуцці і ўспаміны. Езус сваім нараджэннем хоча даць нам новае жыццё, новы шанц, новыя сілы, новую надзею».

Біскуп звярнуў таксама ўвагу на пакліканне ў выкананні кожнага служэння і кожнага роду прафесіі:

«Словы, якія непасрэдна пачуў Езус ад Нябеснага Айца на пачатку сваёй місіі, і для нас, якія абмыліся ў водах хросту, з’яўляюцца гарантам пастаяннай Божай прысутнасці: „Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я“ (пар Мк 1, 11)».

Пасля святой Імшы адбылася аплаткавая сустрэча, у якой прынялі ўдзел таксама пробашч парафіі кс. Віталій Маргуноў і вікарый кс. Юзаф Сярпейка.

Біскуп Яшэўскі звярнуўся з асаблівымі словамі настаўлення да прадстаўнікоў кожнай групы. «Вашая служба нялёгкая, патрабуе шмат самаахвярнасці і добрай адукацыі, а ў першую чаргу — вялікай любові да іншага чалавека. Усе гэтыя якасці самому не здабыць. Нам патрэбна дапамога звыш.

Таму жадаю вам, каб вы заўсёды шукалі падтрымкі і сілы ў Таго, хто даў вам жыццё і гэтае пакліканне і вашымі рукамі і вуснамі здзяйсняе вялікія цуды. Дзякуй вам за ахвярнае служэнне. Молячыся за вас, я прашу, каб Бог даў вам дастаткова сіл і вытрымкі аддана служыць кожнаму чалавеку», — заключыў іерарх.

Абноўлена 08.01.2018 17:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця