Пошук

29.12.2017 15:03   Тэкст і фота: Кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

28 снежня ў парафіі Св. Казіміра і св. Ядвігі ў Магілёве адбылася аплаткавая сустрэча для міністрантаў Магілёўскага рэгіёна.

Міністранты са сваімі бацькамі, сем’ямі і апекунамі — кс. Юзафам Сярпейкам, а. Віталіем Чабатарам CMF, а. Раманам Шульцам ОР і а. Паўлам Мажэйкам ОР — сабраліся, каб распачаць добрую традыцыю супольных сустрэч з біскупам з нагоды святаў Божага Нараджэння.

Сустрэча распачалася супольнай адарацыяй Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і ружанцовай малітвай. Пасля ўсе міністранты, апранутыя ў комжы, а таксама кандыдаты ў міністранты ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці.

Іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх міністрантаў магілёўскіх парафій, просячы ласкі новых і святых пакліканняў да святарскага і манаскага служэння з Магілёўшчыны.

У гаміліі іерарх, прамаўляючы да прысутных, падзяліўся асабістым сведчаннем свайго жыцця. Калі ён быў юнаком, яго разам з аднакласнікам — сёння кс. Уладзімірам Кабаком SDB — прынялі ў першыя міністранты парафіі ў Смаргоні.

«З моманту міністранцкага служэння распачалося маё больш свядомае духоўнае жыццё і ўзрастанне, наступствам чаго з’яўляецца глыбокая пашана да святой Імшы і дар паклікання», — прызнаўся біскуп.

Узгадваючы прыклады жыцця св. Тарцысія, св. Дамініка Савіо, св. Хосэ з Мексікі, іерарх правёў паралель: «усе яны разумелі вялікую годнасць і вартасць Эўхарыстыі, мелі гонар быць блізка да алтара». «Быць міністрантам — гэта адрозненне і гонар, а адначасова — гатоўнасць прыкладаць дадатковыя намаганні, каб служыць Богу і людзям. Тым, што кожны з вас знаходзіцца так блізка да алтара і прыслугоўвае падчас святой Імшы, вы абавязаны самому Хрысту, які кожнага міністранта асабіста запрасіў да служэння пры Яго алтары», — адзначыў біскуп.

Іерарх падзякаваў апекунам літургічнай службы алтара магілёўскіх парафій за іх клопат пра міністрантаў і пажадаў «быць сапраўднымі духоўнымі правадырамі, стаць сябрамі і сапраўдным прыкладам да наследвання, абуджаючы і падтрымліваючы жаданне выключнага прысвячэння сябе Богу і людзям».

Звяртаючыся да міністрантаў, біскуп падзякаваў ім за іх служэнне і нагадаў: «Езус патрабуе вашага ахвярнага служэння, каб праз яго дапамагаць іншым сустракацца з Богам праз прыгажосць літургіі. Аднак перш за ўсё Езус патрабуе вашага чыстага, палымнеючага любоўю і верай сэрца». Іерарх заахвоціў міністрантаў да руплівасці ў служэнні і да асабістага пазнавання Бога і Яго навукі.

Звярнуўшыся да бацькоў, біскуп падзякаваў за выхаванне ў дзецях пашаны да святой Імшы, адказнасці за прыняты абавязак быць міністрантамі і за асабісты прыклад у выхаванні сваіх сыноў.

На заканчэнне Імшы адбылося дзяленне аплаткай. Завяршыла Імшу супольная агапа, якую разам з парафіянамі падрыхтавалі а. Раман і а. Павел.

Абноўлена 29.12.2017 15:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця