Пошук

23.11.2017 10:49   Тэкст і фота: Кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

22 лістапада, у літургічны ўспамін св. Цэцыліі — апякункі музыкі — харавыя калектывы з усіх парафій Магілёва сабраліся у катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава.

Святкаванне распачалося вечаровай святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам з біскупам Імшу канцэлебравалі святары, якія нясуць служэнне ў парафіях Магілёва.

У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на заклік з кнігі Псальмаў «Спявайце Пану новую песню».

«Гэтыя словы характарызуюць усю кнігу Псальмаў. Чаму чалавек павінен спяваць Пану? Чалавек павінен спяваць Богу, калі да яго дакранаецца вялікая радасць і калі жадае перадаць пачуцці любові. Бог з’яўляецца крыніцай і радасці, і любові, таму для Яго трэба спяваць. Стары Запавет мае мноства такіх прыкладаў: Эксодус з Егіпта, перамога маладога тады яшчэ караля Давіда над Галіяфам, многія іншыя сцэны са Святога Пісання паказваюць нам крыніцу нашай перамогі — Пана Бога. Таму для Пана спяваем новую песню. Новую, бо гэта слова паказвае нам, што радасць, любоў і праслаўленне Бога не могуць завяршыцца», — распавёў іерарх.

«Каб песня была новай заўсёды, трэба, каб было новае сэрца – як крыніца новага жыцця. Хрысціяне першых стагоддзяў, у тым і св. Цэцылія, гэта вельмі добра разумелі, таму і не баяліся аддаць жыццё за Езуса — новага Адама», — падкрэсліў біскуп.

Працягам свята стаў канцэрт харавых калектываў, падчас якога прагучалі творы Баха, Моцарта, Грыга, Шуберта. Мэтай канцэрта было не спаборніцтва, а супольнае праслаўленне Бога.

Абноўлена 23.11.2017 16:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа