Пошук

09.11.2017 15:55   Паводле: waladarka.by / Catholic.by

6 лістапада ў парафіі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе прайшла сустрэча моладзі пад назвай «Крокі да святасці», якая аб’яднала разам каля 70 школьнікаў і студэнтаў з Браслава, Мёраў, Полацка, Глыбокага і Ахрэмаўцаў.

Ініцыятарам сустрэчы стала парафіяльная моладзь. Ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі і сястра Ганна Мізавец дапамагалі маладым людзям зразумець, навошта імкнуцца да святасці і ці рэальна гэта сёння, а таксама адшукалі ў Бібліі выказванні пра Божае Валадарства.

«Ці сёння можна быць святым? — такім пытаннем распачаў канферэнцыю кс. Уладзімір. — Калі б спадзяваліся толькі на людскія сілы, то гэтая мэта сапраўды здавалася б недасяжнай. Але Бог даў нам моц — святыя сакрамэнты, дзякуючы ім можам рабіць крокі наперад да святасці».

Святар падкрэсліў, што ў гэтым крочанні важнай з’яўляецца адкрытасць не толькі на іншага чалавека, але і на Бога. «Ведаеце, чаму столькі людзей адыходзяць сумнымі ад спавядальні? Таму што ў глыбіні сэрца адчуваюць, што не да канца паспавядаліся, не былі шчырымі, адкрытымі Богу», — патлумачыў кс. Уладзімір Шыдлоўскі.

«Людзі на святы стаяць у чарзе да споведзі, а пасля яе адыходзяць радасныя, бо ксёндз нічога не распытваў пра грахі. Кажам, што ўкралі шнурок, але не кажам, што да яго была прывязана карова. Навошта тады ідзём да споведзі? Патрэбна адкрытасць на Бога ў кожным сакрамэнце. Рабіце правільна гэтыя крокі. Бо можам думаць, што ўсё жыццё ідзём да святасці, а насамрэч стаім на месцы», — заключыў святар.

Падчас сустрэчы шмат часу было прысвечана малітве: адбылася святая Імша, адарацыя. Моладзь таксама вучылася «чытаць сэрцам» Біблію, слухаць Бога, быць адкрытымі на Яго, а пасля дзяліцца думкамі і перажываннямі з іншымі.

 

Абноўлена 09.11.2017 16:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.