У парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Камаях у чарговы раз узгадалі постаць благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі, літургічны ўспамін якога прыпадае на 19 кастрычніка. Каб адзначыць гэты ўспамін больш урачыста, у камайскай парафіі святкаванне пераносіцца на нядзелю.
Гэтым разам свята адбылося 22 кастрычніка. Эўхарыстыю цэлебраваў пробашч парафіі ксёндз Яцэк Гутман.
“33 гады працягвалася зямное жыццё Езуса Хрыста, і ўжо 33 гады цешыцца хвалой у Нябесным Валадарстве благаслаўлёны святар Ежы Папялушка”, - нагадаў у сваёй прывітальнай прамове кс. Яцэк Гутман. Святар развівае культ благаслаўлёнага пакутніка за веру, які асабіста яму вельмі дарагі і блізкі. У свой час, цэлебруючы прыміцыйную Імшу ў парафіі, да якой належала сям’я Гутманаў, благаслаўлёны ксёндз Папялушка наведаў іх хату і благаславіў маленькага Яцэка.
У гэты дзень упершыню у камайскім касцёле для публічнага ўшанавання былі выстаўлены рэліквіі труны благаслаўлёнага Ежы Папялушкі.
Па традыцыі на гэтае свята прыязджаюць вернікі з розных куткоў Беларусі. Сёлета на свята прыбыў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Марэк Пэндзіх. Генеральны консул неаднаразова наведваў Камаі – яго маці нарадзілася ў гэтай парафіі ў в. Норкавічы, у камайскім касцёле была ахрышчана і прыняла Першую святую Камунію. У пасляваенны час яна разам з бацькамі выехала ў Польшчу, але не забывалася пра тыя мясціны, дзе нарадзілася. Дарэчы, у камайскай парафіі яшчэ жывуць вернікі, якія добра памятаюць маці Марэка Пэндзіха. “Для мяне вялікі гонар, што я таксама магу сказаць пра сябе, што з’яўляюся камайскім парафіянінам”, – нагадаў у сваёй прамове шаноўны госць.
У гэты дзень Генеральны консул Рэспублікі Польшча ўрачыста адкрыў памятную дошку, устаноўленую ў касцёле ў гонар усіх парафіян камайскай парафіі, дзякуючы чыёй веры, малітве і дапамозе камайская святыня перажыла ўсе нягоды і ліхалецці.
Сёлетні дзень 22 кастрычніка, калі прыпадае літургічны ўспамін святога Яна Паўла II і калі ў камайскай парафіі ўспаміналі благаслаўлёнага кс. Ежы Папялушку, быў сапраўды багаты на падзеі. У гэты дзень парафіяльная супольнасць павялічылася яшчэ на адну парафіянку – сакрамэнт хросту атрымала маленькая Соф’я.
Апагеем жа свята стала ўрачыстае перанясенне гатычнага крыжа на сталае месца ў касцёле і асвячэнне. Менавіта гэты крыж першым уносілі ў тыя касцёлы, якія былі вернуты вернікам на Пастаўшчыне напрыканцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. пасля доўгага перыяду іх занядбання. Пасля смерці ксяндза Яна Шуткевіча, які непасрэдна паспрыяў адраджэнню гэтых касцёлаў, крыж быў перададзены пляменнікам святара ў Камаі.
Пасля Імшы вернікі маглі ўшанаваць рэліквіі благаслаўлёнага Ежы Папялушкі.