Пошук

31.08.2017 10:22   Catholic.by

28 жніўня ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Лебедзеве прайшла сустрэча выпускнікоў гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі 2000 года.

Сёлета сустрэчу арганізоўваў і прымаў сваіх аднакурснікаў, якіх сабралася 16 чалавек, кс. Уладзімір Русак, пробашч парафіі ў Лебедзеве. Два святары не змаглі далучыцца.

Як адзначыў кс. Уладзімір Русак, святары гэтага выпуску стараюцца сустракацца штогод. «Такія сустрэчы, несумненна, маюць вялікае значэнне: сабрацца, паразмаўляць, паразважаць, падзяліцца вопытам. Шэсць гадоў разам — гэта штосьці значыць. Таму мы стараемся захоўваць братэрства сярод аднакурснікаў», — дадаў пробашч парафіі ў Лебедзеве.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч — адзін з аднакурснікаў. Іерарх прамовіў казанне, заахвочваючы сабраных святароў і вернікаў да малітвы за пакліканых і аб новых пакліканнях.

Выпускнікі гродзенскай семінарыі 2000 года паходзяць з усіх дыяцэзій Беларусі, бо на час іх паступлення ў Беларусі дзейнічала толькі семінарыя ў Гродне.

Гэты выпуск абагаціў Касцёл у Беларусі руплівымі святарамі, якія нясуць служэнне па ўсёй Беларусі і за мяжой. Адзін з іх — кс. Алег Буткевіч — у студзені 2015 г. атрымаў біскупскае пасвячэнне. Выпускнік кс. Аляксандр Рагіня знаходзіцца на дыпламатычнай службе і працуе павераным у справах Апостальскай Нунцыятуры ў Чадзе. Ксёндз Аляксандр Амяльчэня ўзначальвае Беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё ў Рыме. Ксёндз канонік Антоній Грэмза з’яўляецца віцэ-канцлерам Гродзенскай курыі. Ксёндз канонік Пётр Шарко з’яўляецца дэканам Нясвіжскага дэканату. Ксёндз Уладзімір Русак — былы віцэ-рэктар семінарыі ў Пінску, цяпер выкладчык у пінскай семінарыі.

Абноўлена 04.09.2017 15:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа