Пошук

31.07.2017 10:37   Catholic.by

29 ліпеня ў нацыянальным санктуарыі ў Будславе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу за былога пробашча будслаўскай парафіі кс. Францішка Грынкевіча ў 15-ую гадавіну яго смерці.

У гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў цяжкі шлях да святарства кс. Францішка. Вызначальным момантам у рашэнні стаць святаром для яго стаў выпадак, які адбыўся падчас яго службы вадалазам на флоце. У пачатку аднаго пагружэння яму памылкова адключылі падачу кіслароду. Адчуваючы набліжэнне смерці, Францішак Грынкевіч паабяцаў Богу: «Калі выжыву, то прыкладу ўсе намаганні для таго, каб стаць святаром». Пасля гэтага падачу кіслароду ўключылі.
    
Іерарх нагадаў, што пасля ўзгаданага выпадку кс. Францішка чакала вучоба ў рыжскай семінарыі і 20-гадовае служэнне ў Крывічах і Будславе і навакольных парафіях.

«Памяць пра святара, які памёр 15 гадоў таму, павінна стаць стымулам для новых пакліканняў. Калі ў цяжкія часы пераследаў пакліканні былі, то тым больш яны павінны быць у час свабоды веравызнання. Касцёл у Беларусі вельмі патрабуе новых святароў»,— адзначыў арцыбіскуп. Мітрапаліт заахвоціў маліцца за ўсіх памерлых святароў, якія неслі служэнне ў Будславе.

Пасля святой Імшы адбылася працэсія на мясцовыя могілкі, дзе прысутныя памаліліся за святароў, якія там пахаваны.

Абноўлена 02.08.2017 11:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа