Пошук

12.07.2017 14:39   Catholic.by

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на адкрыты ліст прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання «Садружнасць Палесся», змешчаны 11 ліпеня ў некаторых беларускіх СМІ.

У ім пінчукі заклікаюць іерарха «пасадзейнічаць працэсу беатыфікацыі першага пінскага і мінскага біскупа Зыгмунта Лазінскага», падкрэсліваючы, што «цудам» з’яўляецца ўвесь жыццёвы шлях біскупа і «яго ўплыў на веруючых нават пасля смерці». У тым жа лісце гісторык-краязнавец Эдвард Злобін распавядае, што «пінчукі пад пагрозай смерці хавалі ад чэкістаў труну з целам біскупа Лазінскага».

Рэдакцыя catholic.by звязалася з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, які зараз знаходзіцца ў Фаціме з беларускімі пілігрымамі з нагоды 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай.

Іерарх выказаў падзяку гісторыку-краязнаўцу Эдварду Злобіну за яго зацікаўленасць тэмай і ўзнятай праблемай.

«Нам усім вельмі дарагі Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. Яго беатыфікацыйны працэс фармальна завершаны, але для беатыфікацыі, гэта значыць – абвяшчэння яго благаслаўлёным, неабходна, каб праз яго заступніцтва адбыўся цуд, прызнаны спецыяльнай Ватыканскай камісіяй. Як правіла, гэта аздараўленне невылечна хворага чалавека», - падкрэсліў Мітрапаліт

Іерарх заўважыў, што «вялікім цудам з’яўляецца захаванне веры ў нашай краіне, і на гэта вялікі ўплыў аказаў менавіта Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі».

Але гэтага яшчэ недастаткова для яго беатыфікацыі. Акрамя таго, беатыфікацыю здзяйсняе не біскуп, а Папа.

«З далёкай Фацімы, дзе Марыя прадказала навяртанне таксама і нашага народа пасля жорсткага пераследу веры, я заахвочваю да малітвы аб цудзе праз пасрэдніцтва Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, каб ён быў як мага хутчэй абвешчаны благаслаўлёным», – заклікаў іерарх.

Малітва аб беатыфікацыі Слугі Божага біскупа Зігмунда Лазінскага

О Божа тройчы Святы і поўны дабрыні, які ў небе вечна валадарыш, а на зямлі абуджаеш прагненне святасці ў сэрцах чалавечых і даеш моц для яе здзяйснення, дазволь, каб быў залічаны да ліку благаслаўлёных Твой верны слуга біскуп Зыгмунт.

Няхай праз яго беатыфікацыю Касцёл атрымае новага заступніка, а Айчына свайго абаронцу перад Тронам Тваёй Велічы. Няхай праз акт беатыфікацыі Апостальская Сталіца пакажа духавенству і верным прыгожы ўзор для наследавання.

Няхай прыклад яго жыцця, поўнага духа веры, надзеі ў цярпеннях і любові ва ўсім што думаў, казаў і чыніў, абуджае нас да жыцця па яго прыкладзе.

Усемагутны Божа, учыні, каб праз цудоўны знак аздараўлення ці навяртання, атрыманы праз заступніцтва Слугі Божага, аб’явілася Твая Воля.

Маці Найсвяцейшая, якую так горача любіў і якой аддаваў пашану біскуп Зыгмунт, дапамажы каб Твой Слуга, урачыста беатыфікаваны, цешыўся хвале святых у небе, а на зямлі паказваў дарогу да Айца, Сына і Духа Святога. Амэн.

Абноўлена 12.07.2017 18:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа