17 чэрвеня ў парафіі Св. Антонія ў Слуцку прайшлі ўрачыстасці 25-годдзя адраджэння парафіі. У гэты дзень тут адбылася ўрачыстая св. Імша, якую цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Як адзначыў у сваёй гаміліі іерарх, католікі жылі на Случчыне яшчэ з XV ст. Але ў 1940 годзе мясцовы касцёл у Слуцку быў разбураны, пасля чаго прыйшлі часы ганенняў на веру.
«Менавіта фацімскае прароцтва аб духоўным адраджэнні нашых зямель кардынальна змяніла духоўную сітуацыю, сведчаннем чаму з’яўляецца і касцёл св. Антонія ў Слуцку. Мы павінны дзякаваць Марыі за дадзеную надзею», — сказаў арцыпастыр.
Мітрапаліт выказаў падзяку айцам францішканам, якія нясуць служэнне ў парафіі і якія адбудоўвалі святыню, а таксама сёстрам ядзвіжанкам, якія служаць пры парафіі.
Іерарх назваў сімвалічным той факт, што апекуном парафіі з’яўляецца св. Антоній, які ў касцёльнай традыцыі лічыцца святым, які дапамагае знайсці згубленыя рэчы.
«Напэўна, кожнаму шкада згубленай рэчы. Аднак можа быць згублена не толькі рэч, але і вера. На жаль, чалавек вельмі часта яе губляе», — адзначыў арцыбіскуп.
Паводле слоў Мітрапаліта Кандрусевіча, у час, калі тры пакаленні беларусаў цярпелі пераслед за веру ў Бога, было складана перадаваць яе маладому пакаленню, таму «мы павінны нізка кланяцца нашым бабулям і дзядулям, нашым бацькам за тое, што як толькі маглі — на простых малітвах і ружанцы падтрымлівалі агеньчык веры і стараліся, каб ён не згас».
Як падкрэсліў арцыбіскуп, сапраўдная свабода — гэта дар і выклік, бо магчыма яна толькі, калі жыць у межах Божага закона.
«Сучасны свет, на жаль, гэтага не разумее. Імкнучыся да сацыяльна-палітычна-эканамічнай аўтаноміі, людзі імкнуцца і да духоўнай аўтаноміі, калі замест Божага закона абіраюць свой», — дадаў арцыбіскуп.
На думку іерарха, самавольная карэкціроўка «дарожных знакаў» можа прывесці да духоўнай катастрофы на дарозе нашага жыцця.
Тэкст гаміліі цалкам тут››![]()
Звяртаючыся да жыхароў Слуцка, арцыпастыр назваў цудам тое, што пасля столькіх гадоў ганенняў на Касцёл і веру, насуперак усяму парафія ў Слуцку адрадзілася.
«Святыя з’яўляюцца нашым прыкладам, як перамагчы зло і жыць паводле духа Евангелля. Такім нашым заступнікам з’яўляецца і св. Антоній, апякун парафіі ў Слуцку», — сказаў арцыбіскуп.
Звяртаючыся ў малітве да святога, Мітрапаліт Кандрусевіч, даверыў апецы святога вернікаў слуцкай парафіі: «Святы Антоній, выпрасі ў Бога новы цуд, каб мы знайшлі згубленую веру і жылі ёю, бо без веры няма збаўлення».
Напрыканцы святой Імшы да прысутных прамовіў айцец Павел, які прадстаўляў епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія. Пасля Эўхарыстыі Мітрапаліт Тадэвуш быў запрошаны на сустрэчу з праваслаўным іерархам.







