Пошук

05.06.2017 00:00   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

У першую нядзелю чэрвеня ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) прайшоў Залатагорскі фэст. Своеасаблівае парафіяльнае свята, прымеркаванае да заканчэння навучальнага года, вернікі касцёла на Залатой Горцы адзначылі ўжо ў трэці раз.

Утульнасць, цеплыня і радасць — так можна апісаць эмоцыі, якімі быў напоўнены фэст. Па-хатняму свой і па-свойму адметны.

Ідэя стварэння, як распавёў пробашч парафіі Св. Роха кс. Юрый Санько, узнікла даволі спантанна.

«Пасля працэсіі Божага Цела ў дзяцей пачынаюцца канікулы. Мы падумалі, што было б добра, каб яны не проста пачыналіся толькі ў школе, але таксама і ў касцёле, каб была малітва ўдзячнасці за школьны катэхетычны год і, канешне, просьба аб благаслаўленні, каб падчас гэтых канікул, якія надыходзяць, дзеці не толькі фізічна, але таксама і духоўна ўзрасталі, развіваліся», — заўважыў кс. Юрый Санько.

Традыцыйна Залатагорскі фэст распачынаецца святой Імшой. Сёлета таксама стартам фэста была менавіта супольная Эўхарыстыя. Напрыканцы яе парафіяне віншавалі свайго пробашча кс. Юрыя Санько з 10-годдзем святарства.

«Дзесяць гадоў праляцелі вельмі хутка. Здаецца, што гэта было ўчора. Я вельмі ўдзячны ўсім вам за тое, што вы ёсць, за вашую падтрымку і малітву», — звярнуўся да вернікаў юбіляр.

Пасля Імшы каля касцёла прайшоў канцэрт хрысціянскай музыкі. На фэсце выступілі гурты «Laudans» (Мінск), «Сандрына» (Барысаў) і сям’я Буракоўскіх (Валожын).

Запомніцца і незвычайнае пачуццё радасці і свабоды, калі спяваеш разам з музыкамі песні і адчуваеш павеў ветру — подых Святога Духа.

«На жаль, у Мінску няма глабальных хрысціянскіх фэстаў, дзе маглі б сабрацца людзі, паслухаць хрысціянскую музыку… Ёсць шмат хрысціянскіх гуртоў, якія сапраўды, спяваючы, моляцца і праслаўляюць Бога. Мы павінны прывыкаць да гэтай культуры і да такой евангелізацыі. Сёння было радасна бачыць, што прыходзілі проста людзі з вуліцы — значыць іх прывабіла гэтая атмасфера і музыка», — падзяліўся кс. Юрый Санько.

Залатагорскі фэст — адна з акцый, якую праводзіць моладзевая місія «Чыстае сэрца». Большую частку арганізацыі складаюць валанцёры, якія дапамагаюць падчас розных мерапрыемстваў. Моладзь кажа, што служэнне іншым  прыносіць ім сапраўдную радасць.

«Гэта вельмі прыемны занятак — дапамагаць людзям. Абсалютна дарам. Прыемна бачыць рэакцыю на тую дапамогу, якую ты даеш, дабрыню, сапраўдную ўдзячнасць у іх вачах… Гэтая ўдзячнасць і радасць больш каштоўная за любыя грошы.

Акрамя таго, што мы дапамагаем, у нас ёсць магчымасць займацца рознымі цікавымі справамі, бываць у розных месцах і на разнастайных мерапрыемствах. Залатагорскі фэст — адна з такіх цікавых падзей, дзе можна паразмаўляць з людзьмі, паслухаць цікавыя песні», — падзяліўся валанцёр Максім Лунёў.

«Вялікі дзякуй найперш стваральнікам місіі “Чыстае сэрца”. Гэта сапраўды цікавая справа — ездзіць у розныя гарады, паказваць дзецям, што ёсць людзі з чыстымі сэрцамі, якія могуць ім дапамагчы, якія не закрываюцца, могуць штосьці распавесці, паказаць. Самае важнае ў гэтай справе, мабыць тое, што мы можам ездзіць і дапамагаць дзецям, у якіх няма бацькоў», — распавяла валанцёр Вікторыя Чарныш.

«Для мяне валанцёрства — гэта магчымасць паглядзець на сябе з іншага боку. Тут ты жывеш не толькі для сябе, але і для іншых. У гэтым, на мой погляд, і заключаецца сутнасць хрысціянства. Гэта адна з самых добрых справаў, якія можа зрабіць чалавек за сваё жыццё», — мяркуе Кацярына Адамчык.

Працу ўдзельнікаў місіі «Чыстае сэрца», а таксама ўсіх арганізатараў свята ацанілі парафіяне, якія прыйшлі на Залатагорскі фэст.

«Так цудоўна каля Божага храма слухаць музыку, спевы, якія праслаўляюць Бога — сярод гэтай зеляніны, птушыных спеваў, сярод дзетак і моладзі, са сваёй сям’ёй… У раі, вядома, лепш, але мне тут таксама добра, — заўважае парафіянка Ларыса Царова. — Што можа быць лепей, калі побач Бог, сям’я, вясна, сонца, музычны спеў і Святы Дух?!»

Наведалі фэст і госці з іншых гарадоў, як, напрыклад, Марына Бітэль з Маладзечна.

«Я вучуся на другім курсе тэалагічнага каледжа ў Мінску. Пачуўшы запрашэнне ад кс. Юрыя Санько, вырашыла наведаць фэст. Атрымала тут столькі пазітыву! Вельмі прыемна тут быць, таму што не толькі дзеці завяршаюць свой навучальны год, але і мы — навучэнцы каледжа, таксама хутка завершым яго. Дзякуем кс. Юрыю, няхай і надалей застаецца такім святаром, якім ёсць, няхай цешыць сваіх парафіян, людзей і нас таксама!» – адзначыла жанчына.

Фэст на Залатой горцы — гэта хрысціянскія спевы, дзіцячы смех, задуменныя позіркі бабуль і бесклапотныя ўсмешкі моладзі. А яшчэ Залатагорскі квас.

Такімі простымі рэчамі можна было б ахарактарызаваць парафіяльны фэст.

Аднак гэтыя простыя рэчы становяцца такімі важнымі і прыносяць у сэрца радасць толькі тады, калі ў ім ёсць Святы Дух — павеў таго ветру, які «надае крылы» і «адчыняе вусны», улівае ў сэрца найвялікшую Любоў і кажа: «Калі хочаш быць збаўлены, вазьмі свой крыж і ідзі за Мною»!

Марына Валасар, фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 10.07.2017 15:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.