15 чэрвеня Касцёл святкаваў урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста, падчас якой асаблівым чынам ушаноўваецца Збаўца ў Эўхарыстыі. У гэты дзень вернікі з усіх гродзенскіх парафій сабраліся на супольную Імшу ў касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі іерарх заклікаў з большай адказнасцю падыходзіць да прыняцця св. Камуніі, падкрэсліўшы, што «мы прымаем Хрыста не для прыватнага спажывання».
Біскуп таксама звярнуў увагу на значэнне эўхарыстычнай працэсіі вуліцамі горада, якая з’яўляецца неад’емнай часткай святкавання ўрачыстасці Божага Цела: «Дарогі, па якіх штодзённа ў спешцы снуюць натоўпы заклапочаных людзей, імчаць машыны і аўтобусы, у гэты выключны дзень становяцца месцам малітвы, публічнай адарацыі Бога і вызнання веры».
Падчас працэсіі, упрыгожанай спевам хору Cantate Domino, вернікі разам са святарамі і законнымі сёстрамі затрымоўваліся каля падрыхтаваных у розных частках горада алтароў.
На францішканскім узгорку на заканчэнне шэсця, у якім прынялі ўдзел тысячы католікаў Гродна, біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў пастырскае бласлаўленне і заахвоціў сабраных чэрпаць сілы для змагання са штодзённымі цяжкасцямі ў невычэрпнай крыніцы — святой Эўхарыстыі.
Паводле grodnensis.by
Фота hrodna.life