Пошук

05.06.2017 00:00  

3-5 чэрвеня ў Дубліне прайшла міжнародная канферэнцыя з нагоды сусветнай сустрэчы сем’яў, якая пройдзе ў сталіцы Ірландыі ў 2018 годзе. У склад удзельнікаў канферэнцыі ўвайшло 130 чалавек — дэлегацыі з 28 краін свету.

Сярод афіцыйных дэлегацый былі і прадстаўнікі з Беларусі: нацыянальны душпастыр сем’яў а. Пётр Фраштэнга OCD і нацыянальны дарадчык сямейнага жыцця Барбара Сайнок.

Роля сям’і ў грамадстве

З дакладам выступіў прэфект ватыканскага ведамства па справах свецкіх, сям’і і жыцця кардынал Кевін Фарэл. Іерарх звярнуў увагу на адну з галоўных мэтаў сустрэчы сем’яў у 2018 годзе — паглыбленне папскага дакумента Amoris Letitiae.

Сям’я не з’яўляецца толькі сацыялагічнай рэчаіснасцю, але рэчаіснасцю, у якой удзельнічае Бог, які запрашае да рэалізацыі сямейнага паклікання як сувязь мужчыны і жанчыны.

Важным пасланнем дакумента Amoris letitiae з’яўляецца падрыхтоўка да сямейнага жыцця. Гэтая падрыхтоўка не толькі выкананне права. У рэчаіснасці яна павінна адбывацца ўжо ў дзяцінстве, праходзіць розныя ступені і развівацца.

Аднак не так проста стварыць добрую праграму падрыхтоўкі да сямейнага жыцця без актыўнага ўдзелу ўсіх вернікаў. Вялікую адказнасць павінна ўзяць на сябе парафія, прыводзячы моладзь да заключэння сакрамэнту сужэнства.

Не толькі святары ці кансэкраваныя асобы павінны казаць пра падрыхтоўку да сямейнага жыцця. Маладыя сем’і таксама павінны сведчыць пра сваё жыццё, а не толькі паўтараць тэксты з катэхізісу і іншых дакументаў Касцёла.

Падчас сустрэчы быў прадстаўлены афіцыйны гімн Міжнароднай сустрэчы сем’яў-2018.

Умовы ўдзелу

Рэгістрацыя на Сусветную сустрэчу сем’яў-2018 будзе адбывацца анлайн на старонцы сустрэчы ў сеціве. Рэгістрацыя магчымая індывідуальна, для сем’яў, парафій і дыяцэзій. Кошт удзелу для аднаго чалавека складае 68 еўра. Пасля аплаты ўдзельнік атрымае асабістае запрашэнне, на падставе якога будзе клапаціцца пра візу ў Ірландыю (праз візу Шэнген уезд у Ірдандыю немагчымы).

Начлегі будуць забяспечаны пры ўніверсітэцкіх інтэрнатах, гатэлях або у сем’ях. На начлегі ў сем’ях арганізатары будуць размяркоўваць тых, хто не можа заплаціць за гатэль.

2 чэрвеня ўдзельнікі канферэнцыі наведалі месцы ў Дубліне, у якіх у 2018 годзе пройдзе запланаваная сусветная сустрэча сем’яў.

А. Пётр Фраштэнга OCD

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 16.08.2017 15:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.