Пошук

18.12.2016 06:00  

Вялікай колькасці людзей на свеце не хапае самага неабходнага. Нас нават можа паралізаваць усведамленне велізарнай колькасці патрэбаў і праблемаў свету. Іх цяжар нас прыгнятае. Мы не бачым перад сабой дарогі праз гэты цёмны лес. Езус Хрыстус гаворыць нам, што Ён з’яўляецца гэтай дарогай.

O, ключ Давіда

Антыфона
О, ключ Давіда і жазло дому Ізраэля,
Ты адкрыеш, і ніхто не замкне.
Ты замкнеш, і ніхто не адчыніць.
прыйдзі і вызвалі зняволенае ў вязніцы чалавецтва,
што знаходзіцца ў змроку і смяротным ценю.

У цябе ёсць дзесьці непадалёк нізка ключоў? Патрымай у руцэ некалькі з іх ці хаця б адзін ключ. Прыгледзься да іх. Адчуй іх на дотык, звярні ўвагу на іх вагу, памер, колер, тэмпературу і іншыя магчымыя характарыстыкі.

Навошта гэтыя ключы? Якія асацыяцыі яны выклікаюць у цябе? Як з іх дапамогай можна апісаць тваё жыццё, абавязкі, дары, цяжкасці?

Трымай іх. Глядзі на іх. Няхай на іх зірне Бог. І няхай Бог глядзіць на цябе.

Вялікай колькасці людзей на свеце не хапае самага неабходнага. Нас нават можа паралізаваць усведамленне велізарнай колькасці патрэбаў і праблемаў свету. Іх цяжар нас прыгнятае. Мы не бачым перад сабой дарогі праз гэты цёмны лес. Езус Хрыстус гаворыць нам, што Ён з’яўляецца гэтай дарогай.

«Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце». Кажа яму Тамаш: “Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?” Езус сказаў яму: “Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне”» (Ян 14, 1-6).

Езус — дарога, шлях, ключ, які адкрывае брамы Валадарства. Езус дае ключы Нябеснага Валадарства Пятру. У пэўным сэнсе, мы ўсе падзяляем гэтае Пятровае пакліканне. Бог дае кожнаму з нас шлях адмыкання дзвярэй іншым людзям. Тым шляхам нязменна з’яўляецца Езус, аднак кожны з нас мае асабісты спосаб сведчання пра Езуса з прычыны нашага ўнікальнага досведу адносінаў з Ім. Унікальны ключ мае кожны чалавек.

Што ты бачыш у Езусе такога, чым добра было б падзяліцца са светам?

Твае асабістыя якасці, твае дары, жыццёвыя абставіны, ТЫ — можаш адкрыць штосьці новае пра Хрыста. Ты можаш паказаць тое, што заставалася незаўважаным. І гэта можа стаць тым ключом, які адамкне дзверы іншым людзям.

Калі Езус кліча чалавека, то заўсёды кліча да вучнёўства — гэта ўніверсальнае пакліканне. Больш таго, асабіста ты пакліканы быць вучнем. Менавіта ты. Гэтую ідэю адстойваў Герберт Альфонса ў сваёй цудоўнай кнізе «Асабістае пакліканне» (Herbert Alfonso The Personal Vocation). Ён сцвярджаў, што падказкай — або, можна сказаць — ключом да твайго асабістага паклікання з’яўляецца тое, што дае тваёй душы жыццё і энергію,  што прыносіць ёй святло. Пацверджаннем таго, што ты добра зразумеў свой дар, будзе плённасць яго для іншых людзей, якая можа праявіцца самымі разнастайнымі спосабамі.

Такім чынам, надышоў час для пытання: што прыносіць у тваё жыццё святло і энергію? Пагавары пра гэта з Езусам. Ці не знаходзіцца там ключ да твайго асабістага паклікання?

Пакліканне заўсёды азначае, што адначасова ты прабываеш з Езусам і з’яўляешся пасланым праз Яго.

Распазнаванне запрашае нас шукаць свой творчы спосаб любіць. Калі я не магу вырашыць усе праблемы свету, то што я ў стане зрабіць на сваім узроўні? Якія дзверы Бог хоча, каб я адчыніў? Яшчэ раз узгадаем, што гэта персанальнае пакліканне. Яно крыецца ў асабістай сувязі з Хрыстом, з Ключом, які мы здольныя знайсці, а потым убачыць, якім чынам Ён жадае аб’явіць сябе ў нашым жыцці.

Езус адчыняе штосьці ў нас так, што дзверы шырока адкрываюцца для любові. Мы становімся здольнымі любіць. Вось чаму Езус з’яўляецца ключом Нябеснага Валадарства, які ўвесь час хоча прыйсці на зямлю, уцелавіцца ў кожным з нас, калі чалавек чуе Ягоны заклік і адказвае на яго.

Калі ты не ведаеш, у чым тваё пакліканне, папрасі Езуса паказаць табе яго.

О, Мудрасць,
    Пан,
    корань Есэя,
    ключ Давіда,
    Усход,
    Валадар народаў
    Эммануэль,
    прыйдзі, Езу.

ф Адвэнтавыя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» (facebook.com). Пераклад на беларускую мову і апрацоўка тэкстаў — Тэрэса Клімовіч.

Гл. таксама: Адвэнт на Catholic.by: рэкалекцыі з ігнацыянскімі разважаннямі.

Абноўлена 05.06.2017 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.