Пошук

30.05.2017 00:00   Тэкст і фота: Кс. Кірыл Бардонаў / Catholic.by

З 26 па 30 мая ў Мінску знаходзіліся з рабочым візітам генеральны сакратар Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы ксёндз Дуартэ да Кунья і супрацоўніца сакратарыята гэтай арганізацыі Барбара Купец.

Візіт праходзіў у межах падрыхтоўкі да пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, якое пройдзе з 28 верасня па 1 кастрычніка 2017 г. у Мінску.

Для каталіцкіх епіскапатаў Еўропы дадзенае пленарнае пасяджэнне, як і штогод, стане цэнтральным форумам, на якім збяруцца больш за 40 кардыналаў і біскупаў з усіх краін Еўропы і з Ватыкана.

Прадстаўнікі Рады наведалі месцы правядзення мерапрыемстваў, а таксама тыя касцёлы Мінска, у якіх будуць цэлебравацца святыя Імшы на працягу сустрэчы іерархаў.

29 мая дэлегацыя сустрэлася са старшынёй Мінскага гарвыканкама Андрэем Шорцам. Згодна з рашэннем уладаў сталіцы, пленарнае пасяджэнне РККБЕ ўключана ў праграму святкавання 950-годдзя Мінска. Таксама 29 мая прайшла сустрэча з першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максімам Рыжанковым.

Стала вядома, што ўрачыстае адкрыццё пленарнага пасяджэння пройдзе 28 верасня ў ратушы горада Мінска. Афіцыйныя мерапрыемствы форуму пройдуць у гасцінічным комплексе «Вікторыя Алімп Гатэль».

Парадак літургічных цэлебрацый падчас генеральнага пасяджэння:

  • 28 верасня ў 19.00 — святая Імша ў касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл)
  • 29 верасня ў 18.30 — святая Імша ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (літургічны ўспамін арханёла Міхала, апекуна Мінска-Магілёўскай касцёльнай правінцыі)
  • 30 верасня ў 19.00 — святая Імша ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой горцы
  • 1 кастрычніка — запрошаныя біскупы будуць цэлебраваць святыя Імшы ў розных касцёлах Мінска, расклад будзе пададзены пазней.

Кс. Кірыл Бардонаў
Фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 17.08.2017 15:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа