Пошук

11.05.2017 20:30  

11 мая ў парафіі Св. Юзафа ў Маладзечне распачалася перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай, якая адбываецца з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.

У гэты дзень парафію наведаў таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які адзначыў, што фацімскія аб’яўленні Марыі сталі першымі прызнанымі Касцёлам аб’яўленнямі ў ХХ стагоддзі.

Паводле слоў арцыбіскупа, у іх Марыя, прадказваючы трагічную гісторыю Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, прапанавала лек дзеля ўратавання ад бяды, якая стукала ў дзверы нашай Бацькаўшчыны 100 гадоў таму.

«Гэта малітва і навяртанне. З малітвы Марыя на першае месца ставіць Ружанец, Эўхарыстыю і набажэнства першых субот месяца, заклікаючы нас да прысвячэння Яе Беззаганнаму Сэрцу», — сказаў Мітрапаліт.

«Асабліва важнай была малітва святога Ружанца, якая з’яўляецца скарачэннем Евангелля, — дадаў іерарх. — Падобна таму, як Езус навучыў нас малітве «Ойча наш», таксама і Марыя навучыла малітве Ружанца. Падчас ганенняў на Касцёл у часы атэізму вера нашага народа захавалася дзякуючы малітве ў сем’ях».

Тэкст гаміліі іерарха ТУТ››

Іерарх нагадаў, што мэтай набажэнства пяці перапрашальных суботаў месяца з’яўляецца перапрашэнне Бога і Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі.

«Сёння, праз 100 гадоў пасля фацімскіх аб’яўленняў, мы павінны памятаць пра тыя аб’яўленне і жыць іх ідэяй. Яны актуальныя і ў наш час», — падкрэсліў іерарх.

Звяртаючыся да апісання выклікаў сучаснага свету, сярод якіх п’янства, наркаманія, тэрарызм, гомасексуальныя саюзы, Мітрапаліт Кандрусевіч заўважыў, што «гэтыя і іншыя паталогіі сучаснага свету патрабуюць свайго вырашэння. Адкуль яно прыйдзе? Яго можа даць толькі міласэрны Езус, найкарацейшы шлях да Якога — праз Марыю».

Іерарх заклікаў звяртацца да Марыі і даверыцца яе любові.

«Сваімі сіламі мы самі нічога не зможам. Ты ж, Марыя, можаш выпрасіць у свайго Сына для нас ласку навяртання і жыцця згодна з Божай воляй. Навучы нас здзяйсняць тое, што кажа нам твой Сын. Няхай гэта будзе наша новая дарога, якая прывядзе да вечнага шчасця ў небе», — заключыў арцыпастыр.

(IL), (DN)
Фота Валянціны Гардзей

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 21.08.2017 14:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа