У нядзелю Божай Міласэрнасці, 23 красавіка, у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску (Лошыца) адбылася ўрачыстасць з нагоды свята Божай Міласэрнасці. Фэст у свята Божай Міласэрнасці ў парафіі прайшоў у трэці раз.
Удзел у фэсце прынялі ксяндзы міхаліты, якія працуюць у парафіі Маці Божай Ружанцовай, — пробашч кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA і кс. Ян Юшка CSMA, святары іншых мінскіх парафій. Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Урачыстасць распачалася з малітвы ў гадзіну Божай Міласэрнасці — 15.00 — перад абразом Езуса Міласэрнага. Штодзённы Вяночак да Божай Міласэрнасці ў гадзіну Божай Міласэрнасці — даўняя і сталая традыцыя ў парафіі. Больш за год гэтая малітва траслюецца праз інтэрнэт у рэальным часе. Гэтым разам малітву да Божай Міласэрнасці ўзначаліў пробашч касцёла святых Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк, а прысутны біскуп Аляксандр правёў «Малітву за Бацькаўшчыну» — таксама традыцыйную ў парафіі.
Пасля набажэнства святары і вернікі прайшлі ва ўрачыстай працэсіі да палявога алтара на месцы будаўніцтва санктуарыя Божай Міласэрнасці, дзе адбылася цэлебрацыя ўрачыстай святой Імшы.
На пачатку Імшы кс. Генадзь Кухарэвіч адзначыў, што кожны чалавек патрабуе Божай любові, Яго міласэрнасці. «Каб Божая міласэрнасць разлілася на ўвесь свет, яна ў першую чаргу павінна ўвасобіцца ў кожнай сям’і», — сказаў пробашч.
Менавіта парафіяльныя сем’і і сталі галоўнымі ўдзельнікамі ўрачыстасці: чыталі слова Божае, спявалі псальмы, прыносілі да алтара дары. Адным з такіх дароў стала пераносная капліца Маці Божай Фацімскай. Біскуп Аляксандр Яшэўскі благаславіў капліцу і ў гэты ж дзень распачалася яе перэгрынацыя па сем’ях парафіі.
Іерарх, звяртаючыся да вернікаў, нагадаў пра важнасць малітвы да Божай Міласэрнасці: «Сёння, у гэтае вялікае свята для парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску, дзе будуецца санктуарый Божай Міласэрнасці, мы хочам яшчэ раз з сэрцам поўным любові і даверу казаць: Пане, вось мы стаім перад Табою і просім Твайго святла, каб лепш Цябе пазнаць і годна праслаўляць Тваю бясконцую міласэрнасць».
«Ці знойдзецца, дарагія браты і сёстры, хто-небудзь з прысутных сярод нас, хто адважыцца сказаць: не патрэбная мне Божая міласэрнасць? — спытаў іерарх. — Без Божай ласкі мы не можам нічога сказаць, нічога зрабіць, нават падумаць. І пра гэта выдатна казала святая сястра Фаўстына».
Падчас цэлебрацыі святой Імшы на алтары знаходзіліся рэліквіі святой сястры Фаўстыны, якія захоўваюцца ў мінскім Чырвоным касцёле.
На завяршэнне свята біскуп Аляксандр пажадаў парафіянам і пробашчу Божай дапамогі ў будаўніцтве санктуарыя Божай Міласэрнасці. А пробашч Генадзь Кухарэвіч запрасіў усіх вернікаў далучацца да штодзённай малітвы да Божай Міласэрнасці ў парафіяльнай капліцы ў 15.00 або праз трансляцыю, якая адбываецца на партале catholic.by і на сайце парафіі.
На завяршэнне свята выступілі пераможцы дзіцяча-моладзевага фестывалю мастацкай творчасці «Лошыца 2017», а таксама праспяваў моладзевы каталіцкі гурт «Рыбы».
Галіна Абакунчык (VGr)
Фота аўтара