Пошук

14.04.2017 09:19  

У Вялікі чацвер, 13 красавіка, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў Імшу Вячэры Пана ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава.

Напачатку Імшы дзеці, моладзь і прадстаўнікі дарослых парафіян павіншавалі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, а таксама святароў, якія нясуць служэнне ў катэдральнай парафіі, — пробашча кс. Віталія Драздоўскага, вікарыя кс. Дзяніса Бразінскага — і пробашча парафіі Божай Міласэрнасці кс. Вадзіма Сурвілу з нагоды ўстанаўлення ў гэты дзень Езусам сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння.

Дзеці прыгатавалі інсцэніроўку прыпавесці пра сейбіта і пажадалі біскупу і прэзбітэрам нястомна сеяць зерне Божага слова і каб глеба была заўсёда ўрадлівай.

Ад свайго імя і імя прэзбітэраў біскуп падзякаваў за віншаванні і заклікаў да нястомнай малітвы за святароў, асабліва аб новых пакліканнях да службы Божай у якасці прэзбітэра.

Пан Бог прысутны ў постаці хлеба

У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі нагадаў вернікам аб прысутнасці Езуса Эўхарыстычнага ў табэрнакулюме, які з’яўляецца святым месца, дзе б’ецца сэрца Езуса.

«Кожны раз, калі мы прыходзім у святыню, вечная лампадка, якая зіхаціць прыгожым чырвоным агеньчыкам, нагадвае нам аб рэальнай прысутнасці Бога ў постаці хлеба. А мы, стаўшы на калені і вітаючы Хрыста, вызнаём нашу веру, што Ён сапраўды тут прысутны ў сваім праўдзівым Целе і Крыві.

Гэтую праўду мы таксама вызнаём калі перад благаслаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, калі спяваем "Таямніцу Сакрамэнта, усхваляем шчыра ўсе..." Гэтыя ж самыя словы будзем і сёння спяваць Богу, калі панясём у працэсіі Найсвяцейшы Сакрамэнт да цямніцы, каб там чуваць пры Езусе».

Як дадаў іерарх, «дзеля здзяйснення і выканання Новага Запавету Езус бярэ сваіх апосталаў, сядае з імі за стол у Вячэрніку і спажывае пасху — новую Пасху, бо хлеб становіцца целам Хрыста, а віно — кроўю Езуса»:

«І ўсё гэта дзеля нас людзей, каб нас збавіць, падтрымаць на дарозе да неба, каб нас ачышчаць і нястомна асвячаць праз Эўхарыстыю і святарскае служэнне!» — заключыў біскуп Яшэўскі.

Хто любіць, той хоча служыць іншаму

Напрыканцы гаміліі біскуп пажадаў усім прысутным вучыцца ад Хрыста любіць па-сапраўднаму: «Хто любіць, той хоча быць прысутным у жыцці іншага як Езус. Хто любіць, той хоча з’яднацца з іншым, каб ствараць адзінства як Езус. Хто любіць, хоча стаць дарам для іншага як Езус. Хто любіць, той хоча служыць іншаму як Езус. Сіла такой вялікай любові няхай будзе для кожнага з нас Эўхарыстыя, бо гэта не толькі таямніца ў кансэкрацыі хлеба і віна, ў прыняцці ежы для вечнага жыцця, ў кантэмпляцыі і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, але і таямніца ў наследаванні штодзённасці і для жыцця паводле яе».

Падчас Імшы Вячэры Пана адбыўся абрад абмыцця ног 12 апосталам, які здзейсніў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Сярод іх былі не толькі мужчыны як прадстаўнікі вернікаў, а таксама і душпастыры катэдральнай парафіі. Гэты жэст сімвалічны: раней яго рабілі нявольнікі, і той жа жэст здзейсніў Езус, пакідаючы яго ўсім наступным пакаленням як напамін, каб служылі адзін  аднаму.

Пасля Камуніі біскуп у працэсіі перанёс кансэкраваныя гостыі ў цямніцу, якая сімвалізуе арышт Езуса ў Аліўным садзе, пасля чаго разам са святарамі адараваў Найсвяцейшы Сакрамэнт.

Марыя Гайдукевіч
Фота Паўла Галімава

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 31.10.2017 15:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.