24 сакавіка ў дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь» адбылося благаслаўленне крыжа, узведзенага для публічнага пакланення. Раней на месцы хатынскай трагедыі не было ніводнага хрысціянскага знаку.
Набажэнства ўзначалілі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У малітве прынялі ўдзел супрацоўнікі мемарыяльнага комплекса і тыя, хто меў дачыненне да ўзвядзення крыжа.
У канцы набажэнства іерархі звярнуліся з прамовамі да прысутных. Мітрапаліт Павел падкрэсліў важнасць мемарыяльнага комплекса «Хатынь» як месца, якое нагадвае пра жахі вайны. Кажучы пра неабходнасць імкнення да захавання міру, мітрапаліт зазначыў: «Нам, людзям розных веравызнанняў і перакананняў, няма чаго дзяліць — на зямлі кожнаму хопіць месца». Біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў пра важнасць малітвы за ахвяраў тых трагічных падзей, якія адбываліся на беларускай зямлі.
Усталяваны крыж, са змешчаным на ім цярновым вянцом і з трыма валунамі ў яго падножжа, утварае суцэльную кампазіцыю. Аўтары памятнага знаку — архітэктар Юрый Градаў і скульптар Канстанцін Селіханаў.
22 сакавіка 1943 года нацысцкія салдаты спалілі разам з жыхарамі вёску Хатынь у Лагойскім раёне. На яе месцы пасля вайны быў узведзены мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў вёскі Хатынь і іншых знішчаных беларускіх вёсак.
Кс. Кірыл Бардонаў
Фота аўтара