Пошук

12.02.2017 14:00  

«Мудрых фарысеяў людзі вельмі часта лічылі святымі. Езус папракаў іх не за глыбокія веды, а за тое, што ў іх сэрцах не было духоўнай глыбіні, любові», — адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 12 лютага падчас святой Імшы ў мінскай архікатэдры.

«Вядома, што яны не былі разбойнікамі, але дазвалялі сабе з пагардай ставіцца да іншых. Яны часта хваліліся сваёй пабожнасцю і ахвярнасцю на карысць сінагогі, у якой любілі першыя месцы. І ў той жа час крытыкавалі людзей ніжэйшага саслоўя.

Успомнім, як у сінагозе маліліся фарысей і мытнік. Фарысей прадстаўляў сябе перад Богам святым і называў мытніка грэшнікам. А мытнік толькі прасіў прабачэння за свае грахі. Хто выйшаў з сінагогі апраўданым? Фарысей? Не. Мытнік — таму што Бог любіць пакорных», — падкрэсліў іерарх і заклікаў задумацца, ці не падобныя мы, людзі XXI стагоддзя, да тагачасных фарысеяў.

Арцыпастыр таксама звярнуў увагу, што «аўтаматычнае спаўненне Божага закону вядзе ў духоўную пустыню». «Праблема ў тым, што многія спаўняюць закон з-за боязі наступстваў у выпадку яго невыканання, баяцца пакарання, — дадаў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Езус, аднак, глядзіць глыбей, чым толькі на захаванне закону. Ён хоча, каб матывацыяй нашых дзеянняў быў не страх перад законам, а любоў, што само па сабе накладае на нас значна большыя абавязкі».

Жыць толькі паводле закону, як падкрэсліў іерарх, далёка не дастаткова для дасягнення поўнага шчасця. «Ці такі свет быў бы светам любові? А можа, толькі светам захавання закону? Езус жадае ад нас максімуму, — сцвердзіў арцыпастыр. — Нездарма св. апостал Павел кажа, што літара закону забівае, а Дух ажыўляе».

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VI Звычайную нядзелю, Год А.

«Бог паважае нашае рашэнне. Менавіта таму Ён ніколі не змушае нас да Яго прыняцця. Ён толькі прапануе і чакае нашага адказу. Яго любоў да нас безумоўная. Адзіным Яго законам з’яўляецца любоў, якая кіруе нашым выбарам. Пра гэта нагадвае сённяшняе першае чытанне з кнігі Мудрасці Сіраха: “Калі захочаш, то захаваеш запаведзі і застанешся верным упадабанню Бога”», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

На заканчэнне іерарх заклікаў задумацца: што ляжыць у аснове нашых выбараў: любоў да сябе ці да Бога і бліжняга?

(DN), (VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.