Пошук

11.02.2017 19:12  

11 лютага, ва ўспамін Маці Божай Люрдскай, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў мінскай архікатэдры. Падчас Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт намашчэння хворых.

У гаміліі арцыпастыр прыгадаў вернікам гісторыю аб’яўленняў у Люрдзе святой Бэрнадэце Субіру, якія адбыліся ў 1858 г. ля падножжа французскіх Пірынеяў у вядомым сёння Люрдскім гроце.

Аб’яўленні распачаліся 11 лютага і паўтараліся на працягу двух тыдняў. Маці Божая ў вобразе вельмі прыгожай Панны аб’явілася 14-гадовай дзяўчынцы Бэрнадэце Субіру, якая збірала вецце, каб распаліць печ у хаце. Бэрнадэта спытала ў прыгожай Панны, кім тая з’яўляецца. У адказ пачула: «Я — Беззаганнае Зачацце».

24 лютага Марыя заклікала чалавецтва да малітвы і навяртання. Пры гэтым яна папрасіла Бэрнадэту ачысціць зямлю недалёка ад гроту і напіцца з яе вады. Дзяўчынка так і зрабіла. Сёння гэта вядомая ва ўсім свеце люрдская крыніца. Цікава, што ў сваіх аб’яўленнях Панна Марыя трымала ў руках ружанец, што з’яўляецца відавочным заклікам да малітвы на ім.

Люрд як месца пілігрымкі

Як вядома, у 1854 г. благаслаўлёны папа Пій IX абвясціў дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Такім чынам люрдскія аб’яўленні сталі пацвярджэннем дагмату.

З таго часу Люрд стаў найбольш вядомым марыйным санктуарыем у свеце, які кожны год наведвае каля 6 мільёнаў чалавек. Вада з люрдскай крыніцы лічыцца цудадзейнай. У гісторыі люрдскага санктуарыя зарэгістравана каля 7 тысяч аздараўленняў, з якіх не менш за 70 былі прызнаныя цудам.
Люрд вядомы, аднак, не толькі як месца лячэння хваробаў цела, але і душы, і ўмацавання веры.

Як адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, «сёлета прыпадае юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў і нашыя духоўныя высілкі накіраваны на выкананне закліку Марыі да малітвы і навяртання, як умовы шчаслівага жыцця і захавання міру».

У першай палове XIX стагоддзя у Еўропе распаўсюджвалася атэістычная ідэалогія, а тэхнічная рэвалюцыя вяла да сацыяльнай несправядлівасці, у выніку якой адны багацелі, а іншыя станавіліся беднымі, што спрыяла ўкараненню амаральнага стылю жыцця. Менавіта ў гэты час Божая Маці аб’явілася ў Люрдзе з заклікам да малітвы і навятрання, як шляху да маральнага аздараўлення людзей.

Потым прыйшоў 1917 г. і Марыя, ізноў прадбачачы надыходзячую небяспеку, у сваіх аб’яўленнях у Фаціме імкнулася выратаваць чалавецтва ад небяспекі вайны і ваюючага атэізму.

Марыя вядзе нас да Хрыста

«Сёння, калі свет нанова ўсё мацней апускаецца ў амаральнае балота, калі вакол так многа небяспечных выклікаў, мы свае позіркі ўзносім да Марыі, бо ў яе Безаганным Сэрцы знаходзіцца надзея на паратунак», — падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч таксама дадаў, што сёння Касцёл адзначае ўстаноўлены папам Янам Паўлам II Дзень хворага.

«Папа Францішак у сёлетнім Пасланні на Дзень хворага падкрэслівае, што хворыя маюць сваю місію ў жыцці, і таму ніколі не павінны ўспрымацца як прадметы, — зазначыў арцыпастыр. — Кожны хворы — гэта чалавечая асоба і такой павінна ўспрымацца. Касцёл таксама моліцца ў іх інтэнцыях, каб яны з верай мужна пераносілі свае цярпенні і ядналі іх з цярпеннямі Хрыста».

Паводле слоў Мітрапаліта, у Люрдзе праз святую Бэрнадэту Субіру Марыя паказала чалавецтву аздараўляючую крыніцу.

«Сёння Марыя вядзе нас да Хрыста, які з’яўляецца жывой крыніцай аздараўляючай Божай ласкі. Нездарма ў Ларэтанскай літаніі Марыя называецца аздараўленнем хворых», — заключыў іерарх.

У завяршэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў услухоўвацца ў голас Марыі, якая «сёння заклікае і нас да малітвы і навяртання, каб мы маглі чэрпаць з крыніцы Божай ласкі, якая лечыць душу і цела».

(DN), (IL)

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.