21 студзеня мінская архікатэдра ў чарговы раз стала месцам правядзення экуменічнага набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў. Па традыцыі ў сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Грэка-каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў, пратэстантаў, а таксама Біблейскага таварыства ў Беларусі.
У набажэнстве таксама прымаў удзел Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Габар Пінтэр.
Перад набажэнствам дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўзначаліў святую Імшу, падчас якой нагадаў, што за адзінства хрысціянаў па традыцыі моляцца перад святам навяртання святога апостала Паўла, якое прыпадае на 25 студзеня.
У гаміліі біскуп Касабуцкі адзначыў, што спрэчкі былі і паміж вучнямі Хрыста, а Езусу неаднойчы даводзілася накіроўваць iх людскія меркаванні ў слушным кірунку. Апосталы, як дадаў іерарх, мелі Божага Духа ў сабе, таму маглі дамовіцца паміж сабой. Апостал жа Павел, як прагучала ў літургіі слова, заклікаў, каб не было расколу.
Біскуп Юрый адзначыў, што, хоць хрысціянства зведала не адзін раскол, аднак ёсць тое, што яднае хрысціянаў: найперш, гэта Хрыстус, а таксама Святое Пісанне і прапаведаванне нязменных каштоўнасцяў, ад захавання якіх залежыць шчасце ўсяго чалавецтва.
Сярод сучасных тэндэнцый і выклікаў, як падкрэсліў іерарх, чалавеку лёгка заблытацца, таму хрысціянства паклікана пакіраваць чалавекам і нагадаць яму, на якіх каштоўнасцях будуецца жыццё.
Любоў Хрыста ахапіла нас і прыспешвае прасіць прабачэнне
Пасля Эўхарыстычнай літургіі распачалося экуменічнае набажэнства, якое ўзначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч. На пачатку арцыпастыр нагадаў, што Хрыстус перад смерцю пакінуў свой запавет: каб усе былі адно.
У матэрыялах да набажэнства, якія сёлета рыхтаваліся ў Германіі, сцвярджаецца, што прычынай існуючых падзелаў з’яўляюцца грахі, якія ўтвараюць своеасаблівы мур паміж хрысціянамі. Таму на пачатку малітвы быў пабудаваны сімвалічны мур з камянёў-грахоў: недахоп любові, нянавісць і пагарда, несправядлівае абвінавачванне, дыскрымінацыя, пераслед, знішчэнне супольнасці, неталерантнасць, рэлігійныя войны, адкідванне, злоўжыванне ўладай, ізаляцыя, пыха. Напрыканцы набажэнства гэты мур быў «разбураны», а з камянёў быў складзены крыж.
Прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій пра адзінства: будучыня, да якой пілігрымуюць усе хрысціяне, — Збаўца Хрыстус
Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Праваслаўнай Царквы, падкрэсліў, што адзінства павінна быць ва ўсім — як у думках, так і ў дзеяннях, у аснове ж адзінства павінна быць любоў. Як сцвердзіў праваслаўны святар, звяртаючыся да сабраных прадстаўнікоў розных Цэркваў, праз удзел у гэтым набажэнстве «мы даем сведчанне нашым вернікам, што любоў і еднасць павінны напаўняць нашае жыццё».
Прадстаўнік Царквы Поўнага Евангелля ў Беларусі пастар Валерый Шэйбак у сваю чаргу адзначыў, што адсутнасць мірных адносін можа ўказваць на духоўную нясталасць, а таксама пажадаў, каб у будучыні не было грахоў, якія падзяляюць хрысціянаў. На заканчэнне сваёй прамовы пастар падкрэсліў: «Нам няма чаго дзяліць».
Біскуп евангельскіх хрысціянаў баптыстаў Аляксандр Філісюк выказаў думку, што сёлета, калі адзначаецца 500-годдзе выдання Бібліі Скарыны, менавіта Святое Пісанне можа стаць прыладай дасягнення адзінства, бо ў iм паказаны шлях да Бога і бліжняга, да вечнага жыцця.
Протаіерэй Яўген Усошын, канцлер курыі Грэка-каталіцкай Царквы, адзначыў, што гісторыя хрысціянства пазначана грахамі супраць адзінства, але наперадзе будучыня, да якой пілігрымуюць усе хрысціяне, — Збаўца Хрыстус.
«Як добра, калі браты жывуць у адзінстве, — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — У нашых змаганнях за адзінства мы не адны — з намі Хрыстус».
Каталіцкі іерарх нагадаў, што «ў жыцці неабходна браць пад увагу мінулае», але «ў той жа час успамін мінулага, асабліва ўзаемных крыўдаў, можа паралізоўваць працэс наладжвання новых адносін». «Таму словы св. апостала Паўла, што “даўняе мінула”, павінны быць для нас імператывам, каб адважна следаваць за Хрыстом і жыць у Ім новым жыццём», — дадаў арцыбіскуп.
Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча >>>
«Справа адзінства хрысціянаў — гэта справа Духа Святога. Аднак мы з’яўляемся інструментамі ў Яго руках», — заключыў Мітрапаліт Кандрусевіч.
Валянціна Грамыка
Фота Віталія Палінеўскага