19 студзеня ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля прайшла чарговая пастырская сустрэча для святароў і кансэкраваных асобаў Мінскай вобласці. Узначаліў сустрэчу Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Падчас святой Імшы, якая традыцыйна з'яўляецца кульмінацыйным момантам пастырскіх сустрэчы, у гаміліі іерарх засяродзіўся на сутнасці святарскага паклікання і яго рэалізацыі сярод выклікаў сучаснага свету.
Як нагадаў іерарх, заданнем Езуса, які прыйшоў у свет, было абвяшчаць Божае Валадарства. «І Ён гэта чыніў, найперш праз прыклад малітвы і праз сваю апостальскую дзейнасць. Ён не толькі абвяшчаў Божае слова, але таксама ішоў да патрабуючых і служыў ім, чыніў цуды аздараўлення цела і душы. Не цураўся ісці да грэшнікаў, пры гэтым кажучы, што лекар патрэбны не здароваму чалавеку, а хвораму. Урэшце, у імя бязмежнай любові да людзей Ён без ваганняў аддаў сваё жыццё дзеля іх збаўлення», — падкрэсліў арцыпастыр.
«Прыклад жыцця і служэння Езуса, — дадаў Мітрапаліт, — павінен быць прыкладам для кожнага з нас. Ён паклікаў нас да святарства і кансэкраванга жыцця і жадае, каб мы, падобна Яму, выконвалі свае абавязкі».
«Сучасны чалавек падобны да людзей з сённяшняга Евангелля, якія імкнуліся да Езуса. Яны адчувалі голад веры. Яны страцілі надзею і шукалі паратунку. Тое ж самае мы бачым сёння, — працягваў арцыпастыр. — Колькі людзей, якія адчуваюць сябе згубленымі ў гэтым жыцці, асабліва маладых! А колькі тых, хто не ведае сэнсу свайго жыцця. Колькі жыве ў віртуальным і ілюзорным свеце. Колькі знаходзіцца ў грахоўным балоце. Колькі ў алкагольнай і наркатычнай залежнасці. (…) Гэтыя людзі чакаюць нашай дапамогі, так як чакалі людзі з сённяшняга Евангелля. Што зрабіў Езус? Ён сеў у човен і навучаў з яго».
Мітрапаліт Тадэвуш нагадаў, што знаходжанне вучняў з Езусам у невялікім чаўне давала ім штосьці важнае — яны былі блізка адзін да аднаго. «Гэта лекцыя і для нас. Менавіта ў лучнасці з Езусам мы павінны ўвайсці ў вобразны човен на беразе нашай парафіяльнай супольнасці і служыць людзям», — заахвоціў іерарх.
Таксама арцыпастыр заклікаў святароў рупліва клапаціцца пра даручаных ім вернікаў: «Як бы мы адрэагавалі, калі б, прыйшоўшы ў паліклініку не ўбачылі там урача? Падобна маюць права рэагаваць і вернікі, калі не ўбачаць святара ў канфесіянале».
Арцыбіскуп падзяліўся з прысутнымі сумнай статыстыкай, якая была агучана на V Еўрапейскім каталіцка-праваслаўным форуме, што праходзіў у Парыжы на мінулым тыдні: у Еўрасаюзе прынята ажно 45 законаў, якія супярэчаць Божаму закону.
«Гэта выклікі нашага часу і на іх неабходна адказваць сёння, бо заўтра можа быць позна. Неабходна адказваць кожны дзень. Адказваць, выкарыстоўваючы самыя новыя аргументы, якія прыносіць нам жыццё і практыка Касцёла», — падкрэсліў арцыпастыр.
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча >>>
Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы Мітрапаліт падзякаваў святарам за набажэнствы ў перыяд Божага Нараджэння, за аплаткавыя сустрэчы, інсцэніроўкі дзяцей і моладзі і іншыя калядныя ініцыятывы.
Іерарх падзякаваў святарам за калядныя наведванні сем’яў і заахвоціў працягваць гэтую практыку, якая «найперш павінна мець пастырскае вымярэнне».
Наступная пастырская сустрэча пройдзе 28 лютага ў Чырвоным касцёле ў Мінску.
(DN), (VGr)